- Глупства гародзiш! Для Марты iсную толькi я... Мы жылi разам так шчаслiва... I калi я табе пакажу яе лiсты за гэтыя пяць гадоў...

- Ат! Лiсты! Гэта нiчога не даказвае... Я таксама атрымлiваў добрыя лiсты... I ўсё ж мне боязна.

- Ты не ўпэўнены ў сваёй жонцы?

- Наадварот... Ва ўсякiм разе раней... Верыў ёй, можа, нават больш, чым хто iншы. Мы ўжо шэсць гадоў, як пажанiлiся, i хоць бы хмурыначка.

- Ну то чаго ж ты?

- Гэта залежыць ад характару, братка... Я з тых людзей, якiя не давяраюць шчасцю. Заўсёды я казаў сабе, што Элен мне не пара, што яна лепшая за мяне, i разумнейшая, i прыгажэйшая... Яна жанчына адукаваная i ўмее ўсё рабiць... За матэрыю возьмецца i такое плацце выштукуе - любата... Або хату абставiць, звычайную, сялянскую, - заходзiш, як у рай... Вось я i думаю, у часе вайны колькi ўсякiх бежанцаў у нас перабывала i сярод iх, мабыць, пападалiся хлопцы больш вiдныя, чым я. Дый чужаземцы, магчыма... саюзнiкi... Першая красуня на сяле, напэўна, трапiлася iм на вока.

- Ну i што з таго? Калi яна цябе любiць...

- Так то яно так, братка, але ты ўявi сабе, што значыць быць адной пяць гадоў... Шардэйль жа не яе радзiма, а мая. У яе там нi сваякоў, нi блiзкiх. Спакуса была вялiкая.

- Глупства гародзiш, яшчэ раз паўтараю! Ты нейкi кручаны... Дапусцiм, i было нешта такое... Дык што ж тады на сцяну лезцi, раз яна пра гэта забыла? Раз яна цябе сваiм мужам лiчыць? Каб мне, напрыклад, хто-небудзь нагаварыў пра Марту, я б яму адрэзаў так: "Маўчы i не плявузгай!.. Яна мая жонка, была вайна, яна была адна, а цяпер мiр i ўсё трэба пачынаць спачатку".

- Гэта не ў маёй натуры, - рашуча сказаў Леймары. - Калi я, вярнуўшыся, даведаюся, што яна мне хоць кропельку...

- Ну i што ты ёй зробiш? Заб'еш яе? У цябе ж, можа, яшчэ ёсць трошкi мазгоў у галаве?

- Не, я ёй нiчога не зраблю. Нават лiхога слова ад мяне не пачуе. Я проста знiкну. Знайду сабе якую-небудзь мясцiну i буду жыць пад чужым прозвiшчам. Пакiну ёй грошы, хату, маёмасць... Мне нiчога не трэба, у мяне ёсць прафесiя... Не прападу, наладжу жыццё... Можа, гэта i неразумна, але я такi: усё або нiчога.



2 из 6