
Засвiстаў паравоз, заскрыгаталi стрэлкi, цягнiк наблiжаўся да станцыi. Двое падарожных спынiлi размову.
* * *
Мэр Шардэйля быў сельскiм настаўнiкам. Яго паважалi за душэўнасць i бацькоўскi клопат. Ранiцай, як толькi прыйшло паведамленне з мiнiстэрства, што дваццатага жнiўня ў маршрутным эшалоне Поўдзень - Захад разам з iншымi вяртаецца i Рэно Леймары, ён вырашыў неадкладна сам схадзiць да яго жонкi з гэтай радаснай весткай. Яна якраз працавала ў садзе. Цудоўны быў садок, у сяле самы лепшы, з кустамi духмяных чырвоных руж паабапал брамкi.
- Я добра ведаю, мадам Леймары, што вы не з тых жанчын, якiх трэба папярэджваць аб вяртаннi мужа, каб абаранiць ад небяспечнага сюрпрызу... Не, i, з вашага дазволу, скажу вам шчыра, што вашы паводзiны, ваша стрыманасць прыводзяць у захапленне ўсё тутэйшае насельнiцтва... Нават пляткаркi, якiм чужая жанчына, як парушына ў воку, i тыя не могуць прычапiцца да вас.
- Прычапiцца заўсёды можна, пане мэр, - адказала яна з усмешкай.
- Ваша праўда, мадам, ваша праўда... Але вы iм усiм наступiлi на язык... Не, я проста хацеў зрабiць вам прыемнасць... Служыць народу для мяне найвялiкшая асалода... Я ад душы падзяляю вашу радасць i думаю, вы падрыхтуеце ўсё для ўрачыстай сустрэчы... Вядома, кожнаму цяпер цяжка, прадуктаў не хапае, але, спадзяюся, для такога выпадку...
- Слушна, вельмi слушна гаворыце, пане мэр. Я пастараюся, каб Рэно быў задаволены... Вы кажаце, дваццатага жнiўня? У колькi гадзiн, вы думаеце, ён будзе тут?
- Мiнiстэрства паведамляе: "Эшалон адправяць з Парыжа ў дваццаць тры гадзiны". Такiя цягнiкi ходзяць павольна... Ехаць ён павiнен да станцыi Тывiе i адтуль чатыры кiламетры пехатой. Тут ён будзе не раней як каля поўдня.
- О, пане мэр, за гэты час я паспею прыгатаваць яму найлепшае снеданне... Даруйце, што не запрашаю вас... Ведаю, вы не пакрыўдзiцеся... Вельмi вам удзячна, пане мэр, за ваш ласкавы i добразычлiвы вiзiт.
