Яна зрабiла букет на тры колеры: белы рамонак, пунсовы мак, васiлькi i некалькi сцяблiнак аўса. Потым, перад дарогай, абапёршыся на веласiпед, яна доўга глядзела праз адчыненае акно ў маленькi прыбраны пакой. Так, сапраўды, усё як мае быць. Зазнаўшы столькi гора, Рэно, напэўна, будзе здзiўлены, што яго хата i яго жонка вельмi мала змянiлiся... Праз акно яна бачыла сябе ў вялiкiм люстры. Мабыць, трошкi худаватая, але такая беленькая, маладзенькая i, адразу вiдаць, што закаханая... Яна адчувала сябе на сёмым небе.

"Пара! - сказала яна сабе, - трэба спяшацца... Каторая гадзiна? Божа мой, ужо дзевяць гадзiн!.. Нiколi не думала, што гэта зойме столькi часу... Але мэр ведае дакладна, што эшалон прыйдзе не раней поўдня. Я спраўлюся хутка".

* * *

Хата Леймары стаяла асобна ў самым канцы сяла, i нiхто не заўважыў, як худы салдат з чорнымi блiскучымi вачамi пралез у сад. Некалькi хвiлiн ён азiраўся, аслеплены сонцам, ахоплены шчасцем, п'яны ад водару i хараства кветак... Слухаў, як гудуць пчолы... Потым цiха паклiкаў:

- Элен!

Нiхто не адказваў. Ён паклiкаў гучней:

- Элен!.. Элен!..

Напалоханы маўчаннем, ён падышоў блiжэй i ўбачыў праз акно стол, сервiраваны на дваiх, кветкi i бутэльку вiна. Гэта быў удар у самае сэрца. Ён пахiснуўся i прытулiўся да сцяны.

"Божа! - падумаў ён... - Яна жыве не адна!"

Калi праз гадзiну Элен вярнулася, суседка ёй сказала:

- Бачыла я твайго Рэно. Пабег на дарогу, Я звала, я крычала, але ён i твару не паказаў.

- Пабег?.. Куды? У якiм кiрунку?

- На Тывiе.



5 из 6