- Усё насельнiцтва Шардэйля вас паважае, мадам Леймары... Вы не тутэйшая, гэта праўда, але вы для нас, як родная дачка.

* * *

Дваццатага жнiўня Элен Леймары паднялася чуць свет, гадзiне а шостай. Усю ноч яна не магла заснуць. Яшчэ ўчора яна прыбрала хату, вымыла шыбы, нацерла да бляску падлогу, палiнялыя стужкi на аконных фiранках замянiла свежымi. Потым схадзiла да Марцыяла, мясцовага цырульнiка, зрабiла завiўку i легла спаць з сеткай на галаве, каб не сапсаваць прычоскi. Яна ўважна перагледзела ўсю сваю бялiзну i з любоўю выбрала шаўковую сарочку, якую нi разу не насiла за гэтыя пяць гадоў адзiноты. А якое ж надзець ёй плацце? Больш за ўсё яму калiсьцi падабалася плацце ў блакiтныя i белыя палоскi. Яна памерала яго i са смуткам заўважыла, што яно нязграбна вiсiць на яе схуднелым ад недаядання целе. Не, яна надзене чорнае плацце, якое павузiла сама, ажывiўшы каляровым каўнерыкам i поясам.

Перш чым гатаваць снеданне, яна прыпомнiла ўсе яго любiмыя стравы... У Францыi 1945 года жылося бедна... Шакаладны дэсерт?.. О, гэта быў бы яму ласунак... А толькi дзе яго ўзяць, шакаладу?.. Добра, што ў яе былi свае куры i ў запасе некалькi свежых яек. Ён жа заўсёды хвалiў яе амлет, казаў, што смачней не бывае... Любiў ён нятлустае мяса, смажаную бульбу, але ўжо два днi, як мяснiк у Шардэйлi зачынiў сваю краму... Пазаўчора яна якраз зарэзала кураня, мяса не мяса, але, калi добра падсмажыць... Ах, вось яшчэ: суседка бажылася, што ў блiжэйшым мястэчку бакалейшчык цiшком з-пад прылаўка прадае шакалад. I яна вырашыла абавязкова пабываць там.

"Калi ў восем выберуся, то ў дзевяць магу вярнуцца... Падрыхтую ўсё загадзя, каб потым засталася толькi кухня".

Узрушаная, заклапочаная, яна тым не менш была ў самым вясёлым настроi. Пагода дзiвосная. Здаецца, нiколi ранiшняе сонца не асвятляла так ярка далiну. Спяваючы, яна пачала накрываць стол: "Абрус у чырвоныя i белыя квадрацiкi... Мы на iм вячэралi ў першы дзень нашага сумеснага жыцця... Ружовыя талеркi з малюнкамi, якiя так яго забаўлялi... Бутэлька шыпучага... i, галоўнае, кветкi... Ён любiў, каб на стале былi кветкi, i гаварыў, што нiхто не ўмее iх так падбiраць, як я".



4 из 6