
"Памажы яму", - сказаў я дзяўчыне, i тая паслухмяна заспяшалася па збрую. Але толькi яна падышла да стайнiка, як ён, схапiўшы яе за плечы, рэзка прыцягнуў твар дзяўчыны да свайго. Ускрыкнуўшы, яна адбягаецца да мяне - на шчацэ ў яе двума чырвонымi радкамi адбiлiся стайнiкавы зубы. "Ах ты, свалата! - крычу я раз'юшана. - Што, пугi захацеў?" Ды тут жа, схамянуўшыся, думаю: гэта ж чужы чалавек, я нават не ведаю, скуль ён узяўся, дый сам, без прынукi, дапамагае мне ў тым, у чым адмовiлi iншыя. Быццам адгадаўшы, пра што я думаю, ён зусiм не сярдуе на мяне за маю лаянку i, усё яшчэ завiхаючыся каля коней, толькi адзiн раз паварочваецца да мяне - каб сказаць: "Сядайце!" I напраўду: я бачу, што ўсё ўжо гатова. "Такiмi зграбнымi коньмi я нi разу яшчэ не ездзiў", мiльгае ў галаве думка, i я з радасцю саджуся ў каламажку. "Толькi кiраваць буду я: ты ж не ведаеш дарогi, - кажу я стайнiку. "Ну, вядома ж, - адказвае ён, - я i не збiраюся ехаць з вамi. Я застаюся з Розай". - "Не! Нiзашто!" крычыць дзяўчына i, ясна прадчуваючы непазбежнае, бяжыць у хату; я чую, як бразгае дзвярная клямка, бачу, як яна спачатку ў сенцах, а пасля па чарзе ў кожным пакоi тушыць святло - каб яе немагчыма было знайсцi. "Ты паедзеш са мною, - кажу я стайнiку, - альбо я нiкуды не паеду, хоць i трэба вельмi. Мне б i ў галаву не прыйшло плацiць за коней, аддаўшы ў твае рукi дзяўчыну". - "Ну! Пайшлi!" - крычыць ён, б'е ў далонi, i каламажка ляцiць з месца, нiбы маленькая трэска, што трапiла ў iмклiвы паток. Я паспяваю яшчэ пачуць, як паддаюцца, а потым ламаюцца ад стайнiкавых удараў дзверы ў хаце; пасля мае вочы i вушы запаўняе шоргат, якi няўмольна роўна ўваходзiць у маю прытомнасць... Але i гэта доўжыцца толькi нейкае iмгненне, бо - як быццам хата хворага стаiць адразу ж за маёю - я тут жа апынаюся каля яго двара: спынiлiся мае конi, завiруха сцiшылася, усё залiта маладзiковым святлом; бацькi хворага выбягаюць з хаты да мяне, за iмi - яго сястра; мала што не на руках мяне выносяць з каламажкi; я не разбiраю iхняй бязладнай гамонкi...