у пакоi хворага зусiм няма чым дыхаць: ад закуранай печы цягне дымам; хочацца адчынiць акно, але напачатку трэба агледзець хворага. Выпетраны, без знакаў гарачкi, нi халодны, нi цёплы, з пустымi вачыма, без кашулi, хлопчык зылазiць з-пад пуховае коўдры, вiсне ў мяне на шыi, шэпча мне ў вуха: "Доктар, дайце мне памерцi!" Я азiраюся: нiхто нiчога не ўчуў; бацькi стаяць, моўчкi нахiлiўшы галовы, i чакаюць, якi будзе мой прысуд; сястра падносiць зэдлiк, каб пакласцi маю сумку. Я адкрываю яе, шукаю патрэбныя прылады; хлопчык з пасцелi цягнецца рукамi, iмкнучыся намацаць мяне i нагадаць яшчэ раз пра сваю просьбу. Я бяру пiнцэт, разглядаю яго каля свечкi i - зноў кладу ў сумку. "Вядома ж, прыходзiць мне ў галаву злацешная думка, - у такiх выпадках дапамагаюць багi: падсылаюць каня, якога бракавала; а каб хутчэй было, даюць яшчэ i другога i каб было ўжо напоўнiцу - дадаюць да iх стайнiка..." Цяпер толькi раптам зноў у памяцi ўзнiкае Роза: што рабiць? Як яе ўратаваць, як вырваць яе з чужынцавых рук - калi я вось тут, за дзесяць мiляў ад яе, i ў мяне неўтаймоўныя конi? Гэтыя конi, што вунь ужо неяк паадвязвалiся i цяпер няведама як адчыняюць з вулiцы вокны, лезуць галовамi ў хату i - не зважаючы на лямант хлопцавых бацькоў i сястры - уважлiва разглядаюць яго. "Зараз жа ехаць назад!" - мiльгае ў галаве новая думка, быццам гэта конi заклiкаюць мяне ехаць адсюль; але я моўчкi падпарадкоўваюся, калi сястра хворага, думаючы, што я ледзь не самлеў у горача напаленай хаце, сцягвае футра з маiх плячэй. Перада мною ставяць шклянку з гарэлкай, стары ляпае мне па плячы: самаахвярнасць ягонага ўлюбёнага дзiцяцi апраўдвае гэтае панiбрацтва. Я хiтаю галавою: у вузкiм коле iнтэлекту старога мне б зрабiлася млосна, толькi з-за гэтага я адмаўляюся выпiць. Мацi, стоячы каля ложка хворага, падае мне знак, каб я падышоў да яго; я раблю гэта i ў той момант, калi адзiн конь, задраўшы голаў угару, пачынае гiгатаць, прыкладваю вуха да хлопцавых грудзей, i яму робiцца непамысна ад дотыку маёй мокрай барады.


3 из 7