
На правым сцягне адкрылася рана - вялiкая, з добрую талерку, ружовая, з рознымi адценнямi, цёмная ўсярэдзiне, святлейшая па краях, уся дробна-крупчастая, з неаднолькава густымi кровападцёкамi, адкрытая, нiбы вугальны кар'ер. Гэтак яно бачыцца зводдаль. Зблiзку - яшчэ горш. Цi можна спакойна глядзець на гэта? Чарвякi, доўгiя i тоўстыя - з мой мезенец, ружовыя самi па сабе, ды яшчэ ў крывi, курчацца ўнутры ў ране, пры святле вiдаць iх белыя галоўкi i мноства малюпасенькiх ножак. Бедны хлопча, табе ўжо нiчым не дапаможаш. Я знайшоў тваю вялiкую рану. Гэты пялёстак на баку загубiць цябе. Бацька, мацi i сястра цяпер радыя: бачаць, што я працую; сястра кажа шэптам пра гэта мацi, тая нашэптвае бацьку, а бацька - тым людзям, што на дыбачках усё iдуць у хату i, балансуючы шырока расстаўленымi рукамi, узнiкаюць у месяцавым святле, што лiецца праз адчыненыя дзверы. "Ты выратуеш мяне?" пытаецца хлопчык, сiлячыся не заплакаць. Жывы боль у ране зусiм асляпiў яго. Такiя вось тутэйшыя людзi. Заўсёды патрабуюць ад лекара немагчымага. Старую веру яны даўно страцiлi; пастар сядзiць дома, перабiрае адно за адным свае ўбраннi, а доктар павiнен рабiць усё сваёй далiкатнаю рукой хiрурга. Ды цяпер... як хочаце: я сам не напрошваўся; калi мяне выкарыстоўваюць дзеля святой мэты, я не адпiраюся: чаго ж хацеў я, стары вясковы лекар, у якога ўкралi дзяўчыну-пакаёўку! А яны вунь усе збiраюцца тут: бацька, мацi, сястра, старэйшыя вясковай абшчыны; яны распранаюць, сцягваюць адзежу з мяне; школьны хор на чале з настаўнiкам стаў ланцугом каля хаты i спявае вельмi простую мелодыю з такiмi словамi:
Скiдайце вопратку з яго, каб ён лячыў вас.
А як лячыць не будзе - дык забiце:
Ён толькi лекар, толькi лекар ён.
Урэшце я стаю голы i, учапiўшыся рукою за сваю бараду, нахiлiўшы нiзка галаву, гляджу на тых людзей. Я зусiм спакойны, я адчуваю перавагу над iмi, я такi ўвесь час, хоць цяпер мне гэта не дапамагае, бо яны бяруць мяне за галаву, за ногi i нясуць у ложак.