
Пацвярджаецца тое, што я ўжо i так ведаў: хлопчык здаровы, трохi iшла кроў (клапатлiвая мацi перапаiла кавай), але хлопчык здаровы, i найлепей было б даць яму добрага кухталя ды прагнаць з пасцелi. Але я не той чалавек, што iмкнецца палепшыць свет; таму нiчога не кажу. Акруга плацiць мне грошы, i я выконваю свае абавязкi дарэшты - пакуль яно не бывае аж занадта. Хоць зарабляю небагата, але заўсёды гатовы шчодра памагаць беднаму люду. Вось толькi яшчэ мушу патурбавацца пра Розу - тады няхай хлопчык мае рацыю, i я схачу памерцi. Чаго трэба мне тут, гэтай бясконцай сцюдзенай зiмою? Мой конь здох, i ў вёсцы няма нiкога, хто б пазычыў мне свайго. Я мусiў узяць коней з хлеўчука; каб гэта выпадкам былi не конi, я б запрог свiней! Во яно як! Я падмiргваю хлопчыкавым бацькам. Яны ж нi пра што не ведаюць, а каб сказаў iм дык яны б i не паверылi. Прапiсваць лекi няцяжка, куды цяжэй знайсцi паразуменне з людзьмi. Мне больш няма чаго рабiць у гэтай хаце; мяне зноў патурбавалi без патрэбы; з гэтым я звыкся: уся акруга катуе мяне з дапамогай майго прыдзвернага званочка; але каб гэтым разам яшчэ аддаць Розу - ладную дзяўчыну, якая колькi ўжо год, амаль незаўважаная мною, жыла ў маёй хаце гэтая ахвяра занадта вялiкая; мне трэба нейкiм чынам прымудрыцца ўпарадкаваць усё гэта ў сваёй галаве, каб не абурыцца ўголас на гэтую сялянскую сям'ю, якая, калi б нават хацела, не здолела б вярнуць мне Розу. Ды калi я закрываю сумку i прашу падаць мне футра, яны ўсе стаяць i маўчаць: бацька, абнюхваючы парожнюю шклянку, мацi з выразам вiдавочнай расчараванасцi мною (а чаго народ ад нас чакае?) прыкусвае губу, слёзы стаяць у яе ўваччу, сястра ж перабiрае ў руках скрываўлены ручнiк - вось тады я неяк ужо адчуваю сябе гатовым пры пэўных умовах пацвердзiць, што хлопчык, магчыма, i праўда хворы. Я зноў падыходжу да яго; ён усмiхаецца - як быццам я даў яму моцнага зелля - ах! зноў загiгаталi мае конi: вiдаць, згодна з найвышэйшай воляй, гэта павiнна палегчыць мне аглядаць хлапчука - i тут я выразна бачу: ён i сапраўды хворы.