Яна нахмурылася:

- Олiвэр, прашу цябе!

Я прысеў на кукiшкi побач з яе крэслам. Яна зноў уткнулася ў кнiгу.

- Джэнi...

Яна цiха загарнула кнiгу, адсунула яе i паклала рукi мне на плечы.

- Олiвэр, прашу цябе...

I тады гэта ўсё здарылася. Усё здарылася.

Наша першая фiзiчная блiзкасць была цалкам процiлеглая нашай першай размове. Мы былi такiя нетаропкiя, такiя, ласкавыя, такiя пяшчотныя... Я i не здагадваўся, што сапраўдная Джэнi была менавiта такая - ласкавая Джэнi, што дотыкi яе такiя лёгкiя i пяшчотныя. Але нашмат болей здзiвiўся я з самога сябе. Я таксама быў ласкавы. I пяшчотны. Няўжо гэта i быў сапраўдны Олiвэр Барэт IV?

Я нi разу не бачыў, каб кофтачка Джэнi была расшпiленая хоць на адзiн гузiк. I таму здзiвiўся, калi ўбачыў у яе на шыi маленькi залаты крыжык. Ланцужок быў запаяны наглуха, i калi мы займалiся каханнем, крыжык заставаўся на ёй. У той цудоўны вечар, у хвiлю адпачынку, калi здаецца, нiчога iншага не мае значэння i адначасна ўсё значэннем поўнiцца, я дакрануўся да крыжыка i запытаўся, што сказаў бы яе святар, калi б даведаўся, што мы з ёю апынулiся ў адным ложку. Але яна адказала, што ў яе няма святара.

- А я думаў, што мая дзяўчына добрая каталiчка.

- Я сапраўды твая дзяўчына i сапраўды добрая. - Джэнi паглядзела на мяне, чакаючы пацвярджэння, i я ўсмiхнуўся. Яна ўсмiхнулася ў адказ: - Выходзiць, ты амаль угадаў - два пункты з трох.

Тады я папытаўся ў яе, чаму яна носiць крыжык, ды яшчэ на запаяным ланцужку. Яна растлумачыла, што крыжык належаў яе нябожчыцы мацi i носiць яна яго ў памяць аб ёй - з рэлiгiяй гэта не звязана. Потым мы зноў загаварылi пра сябе:

- Паслухай, Олiвэр, я казала табе, што кахаю цябе?

- Не, Джэнi.

- Чаму ж ты ў мяне не спытаўся?

- Папраўдзе, баяўся.

- Спытайся цяпер.

- Ты кахаеш мяне, Джэнi?

- А ты як думаеш? - зазiрнула яна мне ў самыя вочы.



22 из 81