Надзiва доўга iх не было ўвогуле. Iнакш кажучы, нiчога больш сур'ёзнага за тыя некалькi згаданых ужо мною пацалункаў (дагатуль памятаю iх усе да драбнiц). Сiтуацыя для мяне незвычайная: з прыроды я гарачы, нецярплiвы i прадпрымальны. Калi б хто-небудзь сказаў любой з добрага тузiна дзяўчат у Таўэр-Корт, Уэлэслi, што Олiвэр Барэт IV штодня сустракаецца з дзяўчынаю, але нi разу не спаў з ёю, яна пэўна засмяялася б i дужа засумнявалася ў вабнасцi сяброўкi, пра якую iдзе гаворка. Аднак, вядома, справа была не ў гэтым.

Я проста не ведаў, як дзейнiчаць.

Толькi не трэба разумець мяне залiшне лiтаральна. Я ведаў усе мажлiвыя хады. Але нiяк не мог пераадолець няўпэўненасцi. Джэнi была вельмi разумная, i я баяўся, што яна проста пасмяецца з таго, што я прызвычаiўся лiчыць вытанчана-рамантычным (i непераможным) стылем Олiвэра Барэта IV. Але я баяўся, што яна адштурхне мяне. А калi не адштурхне, дык з прычын, ад кахання далёкiх. Усiмi гэтымi блытанымi тлумачэннямi я хачу сказаць адно: мае пачуццi да Джэнi былi адрозныя ад тых, што я меў раней да iншых дзяўчат. Я не ведаў, як сказаць ёй пра гэта, i не было ў каго спытаць рады. ("Трэба было папытацца ў мяне!" скажа яна потым.) Я ведаў толькi, што яна патрэбная мне. Уся.

- Олiвэр, ты завалiш iспыт.

Мы сядзелi ў мяне ў пакоi i чыталi. Была нядзеля, другая палова дня.

- Олiвэр, калi ты будзеш адно глядзець, як вучу я, дык абавязкова правалiшся.

- Ды не гляджу я на цябе. Я чытаю.

- Лухта. Ты разглядваеш мае ногi.

- Хiба што зрэдку. На пачатку кожнага раздзела.

- Нешта ўжо вельмi кароткiя раздзелы ў тваёй кнiзе.

- Слухай, самаўлюбёнiца! Не такая ты ўжо i паглядная.

- Я ведаю. Але што я магу зрабiць, калi для цябе я "такая ўжо".

Я адсунуў кнiгу, устаў i падышоў да яе.

- Джэнi, ну зразумей ты: як я магу чытаць Джона Сцюарта Мiля, калi кожную секунду памiраю ад жадання апынуцца з табою ў ложку!



21 из 81