
- Мне не належыць Барэт-хол, - паспрабаваў пажартаваць я. - Здарылася так, што мой вялiкi прадзед падарыў яго Гарварду.
- Каб ягонага не такога вялiкага праўнука прынялi туды без праблем!
Гэта ўжо занадта!
- Паслухай, Джэнi, калi ты такая ўпэўненая ў маёй нявартасцi, дык навошта ж тады напрасiлася пайсцi са мною ў кавярню?
Яна паглядзела мне ў самыя вочы i ўсмiхнулася:
- Мне спадабалася твая фiгура.
Калi хочаш перамагаць - павiнен умець прайграваць. I гэта не заблытаны парадокс. Гэта тыпова гарвардская рыса - здольнасць ператварыць у перамогу любое паражэнне.
"Не пашанцавала вам, Барэт. Але гулялi вы файна!"
"Дальбог, я рады, што вы не раскiслi, хлопцы. Вы ж так не любiце прайграваць!"
Вядома, чыстая перамога - прыямнейшая. Асаблiва калi вырвеш яе на апошняй хвiлi... Словам, праводзячы Джэнi да iнтэрната, я ўсё яшчэ не трацiў надзеi перамагчы гэтую рэдклiфскую калючку.
- Паслухай, калючка, у пятнiцу ўвечары хакейны матч у Дартмуце.
- I што з таго?
- Я хачу, каб ты яго паглядзела.
Яна адказала са звычайнай для Рэдклiфа пашанаю да спорту:
- А чаму я павiнна глядзець нейкi няшчасны хакейны матч?
- Таму што я буду гуляць, - нiбы абыякава адказаў я.
Настала маўчанне. Мне здалося, я чую, як падае снег.
- А за каго? - папыталася яна.
2
Олiвэр Барэт IV,
Iпсвiч, Масачусэтс
Узрост: 20 гадоў
Рост: 5 футаў 11 цаляў; вага: 185 фунтаў
Каледж: Фiлiпс Эксэтэр
Курс: выпускны
Асноўная дысцыплiна: грамадскiя навукi
Будучая спецыяльнасць: юрыспрудэнцыя
У спiсе дзесяцi лепшых на курсе: 1961, 1962, 1963.
Да гэтага моманту Джэнi пэўна ўжо прачытала маю бiяграфiю: я тройчы нагадаў Вiку Клэйману, нашаму менеджэру, каб ён перадаў ёй праграмку.
- Дальбог, Барэт, - сказаў ён мне адразу, - можна падумаць, у цябе першае дзяўчо!
