У наступны ж момант я пляснуўся на лёд: двое зялёных бамбiзаў урэзалiся ў мяне. Я ехаў задам па лёдзе i - Божа! - не ведаў, куды дзецца ад сораму: мяне так танна завалiлi!.. Гарвардскiя заўзятары стагналi ад крыўды, дартмуцкiя раўлi: "Душы iх! Душы iх!"

Што яна там думае?!

Дартмут зноў прывёў шайбу да нашае брамкi. Наш варатар зноў адбiў шчаўчок, i абаронца пракiнуў шайбу мне. Фаны аж шалелi. Трэба забiваць! Я падхапiў шайбу i на ўсёй хуткасцi ўварваўся ў зону Дартмута. Абаронцы рушылi на мяне.

- Уперад, Олiвэр, уперад! Урэж iм па чарапах! - перакрыў роў трыбун пранiзлiвы, нават ваяўнiчы енк Джэнi.

Я ўхiлiўся ад аднаго абаронцы, садануў другога так, што ён ажно задыхнуўся, i потым, замест таго каб кiнуць у падзеннi, што было найбольш верагодным маiм ходам, аддаў пас Дэйвi Джонстану, якi накатваўся справа, - i ён увагнаў шайбу ў сетку. Гарвард павёў!!!

Мы адразу кiнулiся абдымацца - я, Джонстан, астатнiя хлопцы. Цiскалi адзiн аднаго, ляпалi па спiне, цалавалiся i падскоквалi. Нашы заўзятары зайшлiся ад рову. А дартмуцкi абаронца, той самы, якога я збiў з ног, усё яшчэ не мог адклеiць зад ад лёду. Заўзятары кiдалi на лёд праграмкi. Гэты ўдар лiтаральна пераламаў зялёным хрыбет...

У вынiку мы размалацiлi iх - 7:0.

Калi б я быў сентыментальны i захацеў павесiць на сцяну фатаграфiю на памяць аб Гарвардзе, дык гэта была б не Царква Памiнання, не якiсьцi iншы славуты будынак, а Дзiлан-Фiлд-Хаўс. Калi i было ў Гарвардзе месца, дзе я адчуваў сябе як дома, дык гэта ў Дзiлан-Фiлд-Хаўсе, нашым спарткомплексе. I няхай у мяне адбяруць за гэтае прызнанне дыплом, але Ўайднераўская, нашая, бiблiятэка значыць для мяне нашмат меней за Дзiлан. Кожнага вечара, усе мае ўнiверсiтэцкiя гады, я ўваходзiў пад ягоны дах, вiтаў прыяцеляў моцнымi слоўцамi, скiдаў з сябе шалупiнне цывiлiзацыi i ператвараўся ў байца. Як гэта было выдатна - нацягнуць шчыткi i кашулю з нумарам "7" (тады я марыў, што яго аддадуць мне навечна - аднак марна), устаць на канькi i нязграбна пасунуцца па калiдоры на Ўатсан Рынк-пляцоўку.



7 из 81