
Яшчэ прыямней было вяртацца ў Дзiлан з гульнi: здымаеш з сябе мокрую ад поту амунiцыю i тупаеш голы да столiка з чыстымi ручнiкамi.
- Ну як табе сёння, Олi?
- Нармалёк, Рычы. Нармалёк, Джымi.
Потым пад душ, паслухаць, хто, што, з кiм i колькi разоў зрабiў у гэтую вечаровую суботу: "Ну, як мы абулi гэтых дзятлаў?.." Я быў лiдэрам, i ў мяне было месца, дзе я мог пабыць адзiн i падумаць. Лёс блаславiў мяне хворым каленам (але, блаславiў: вы бачылi мой вайсковы бiлет?), i пасля кожнае гульнi мне прыходзiлася паласкаць яго ў цыркулярнай ванне. Седзячы на краi ванны i назiраючы за водаваротам вакол свайго калена, я пералiчваў сiнякi i раны (я рады iм своеасаблiва) i думаў пра што нi ўздумаецца цi нi пра што не думаў. Сёння ўвечары я думаў пра свой гол, пра перадачу, з якой мы забiлi другi, i пра тое, што фактычна закончыўся мой трэцi запар сезон у зборнай унiверсiтэта.
- Палошчаш каленца, Олi?
Гэта гаворыць Джэкi Фэлт, наш трэнер i самазваны духоўны настаўнiк.
- Палашчу, Джэкi, калi збоку гэта не выдае на штось iншае.
Фэлт хмыкае i па-iдыёцку ўхмыляецца:
- Сказаць табе, чаму цябе падводзiць каленца, Олi? Хочаш ведаць?
Я аб'ехаў ужо ўсiх артапедаў на Ўсходнiм узбярэжжы, але Фэлт, натуральна, быў у курсе маёй бяды лепш за мяне.
- Харчуешся няправiльна, во што.
Мне гэта цiкавым не здалося.
- Мала солi ясi.
Можа, калi прыму яго жарт, дык хутчэй адстане?
- О'кэй, Джэк. Буду есцi болей солi.
Божа лiтасцiвы, якi ж задаволены ён быў! Калi адыходзiў, дык ягоная iдыёцкая пыса так i ззяла ад усведамлення зробленага эфекту. Затое я зноў застаўся адзiн. Саслiзнуў усiм целам у бурлiвую ваду, заплюшчыў вочы i акунуўся па самую шыю ў цяплынь. Уф-ф-ф!
