
- Сюды якраз i едуць тыя, у каго няма цярпення, - журботна прамовiла Клара. - Усе мы разважаем разумна, калi справа нас не датычыцца. Сказаў жа нехта: у кожнага хапае мужнасцi перажыць чужое лiха.
Цэлы дзень жыхары "Танатоса" маглi назiраць, як двое ў белым, мужчына i жанчына, блукалi па алеях парка, каля падножжа скал i над прорвай. Яны горача аб нечым спрачалiся... I толькi, калi пачало змяркацца, накiравалiся ў гатэль.
Садоўнiк-мексiканец, убачыўшы, што яны iдуць абняўшыся, сарамлiва адвярнуўся.
* * *
Пасля вячэры Жан Манье прывёў мiсiс Кiрбi-Шоў у маленькую пустую гасцiную i там увесь вечар нешта шаптаў ёй, i гэта, здавалася, яе вельмi кранала. Потым, перш чым падняцца ў свой пакой, ён пайшоў шукаць пана Берстэкера. Дырэктар быў у сваiм кабiнеце, сядзеў у крэсле i гартаў вялiкую чорную кнiгу. Пан Берстэкер правяраў рахункi i час ад часу чырвоным алоўкам закрэслiваў у кнiзе радок.
- Добры вечар, пан Манье!.. Можа, я чым магу быць вам карысны?
- О так, пан Берстэкер... Ва ўсякiм разе я спадзяюся... Тое, што я скажу, вас, напэўна, здзiвiць... Перамена такая раптоўная... Але жыццё ёсць жыццё... Адным словам, я прыйшоў сказаць вам, што перадумаў... Я не хачу памiраць.
Пан Берстэкер вытрашчыў на яго вочы.
- Вы гэта сур'ёзна гаворыце, пан Манье?
- Я добра разумею, - гаварыў француз, - што вы палiчыце мяне чалавекам непаслядоўным i нерашучым... Але ж яно зусiм натуральна, што пры новых абставiнах мяняюцца i нашы жаданнi... Тыдзень таму назад, калi я атрымаў ваша пiсьмо, я быў у адчаi, адчуваў сябе адзiнокiм... Мне здавалася тады, што няма нiякага сэнсу змагацца... Сёння ўсё перайначылася... I гэта дзякуючы вам, пан Берстэкер.
- Дзякуючы мне?
- Так, бо гэты цуд стварыла тая самая маладая асоба, з якою вы пасадзiлi мяне за адзiн стол. Мiсiс Кiрбi-Шоў - чароўная жанчына, пан Берстэкер.
- Я ж вам казаў, пан Манье.
- Чароўная i гераiчная... Даведаўшыся, у якiм цяжкiм становiшчы я апынуўся, яна згадзiлася падзялiць са мной пакуты майго жыцця... Вас гэта здзiўляе?
