
- Нiколькi... Мы тут прывыклi да ўсякiх нечаканых перамен... I я рад за вас, пан Манье... Вы яшчэ такi малады, вельмi малады...
- Дык вось, калi вы нiчога не маеце супраць, заўтра мы з мiсiс Кiрбi-Шоў выедзем адгэтуль у Дымiнг.
- Значыць, мiсiс Кiрбi-Шоў таксама адмаўляецца ад...?
- Ну вядома... Зараз яна будзе ў вас i сама вам пацвердзiць... Застаецца ўладзiць яшчэ адно пытанне, даволi далiкатнае... Трыста даляраў, якiя я вам заплацiў, гэта амаль усе мае грошы... Растлумачце, калi ласка, цалкам i поўнасцю яны пераходзяць "Танатосу" цi я магу атрымаць назад некаторую суму, каб купiць бiлеты на дарогу?
- Мы людзi сумленныя, пан Манье... I бяром плату толькi за тое, што зроблена намi рэальна. Заўтра ранiцай касiр падагулiць ваш рахунак з разлiку дваццаць даляраў у суткi за нумар i абслугоўванне. Рэшту вам вернуць без затрымкi.
- Ваша спагада i велiкадушнасць... Ах, пан Берстэкер, я не ведаю, як вам i дзякаваць! Мне iзноў засвяцiла шчасце... Новае жыццё...
- Да вашых паслуг, - сказаў пан Берстэкер.
Жан Манье выйшаў з кабiнета i накiраваўся ў свой пакой. Берстэкер уважна сачыў за iм, потым нацiснуў кнопку званка i распарадзiўся:
- Прышлiце да мяне Сарконi.
Праз некалькi хвiлiн увайшоў парцье.
- Я вам патрэбен, сiньёр дырэктар?
- Так, вы мне патрэбны, Сарконi... Сёння ўночы пусцiце газ у нумар сто трынаццаты... Гадзiны ў дзве.
- Загадаеце, сiньёр дырэктар, спачатку даць сонны газ, а потым ужо смяротны?
- Думаю, што не трэба... Ён будзе спаць моцна... На сёння ўсё, Сарконi... А заўтра, як i дамовiлiся, дзве дзяўчынкi з семнаццатага.
Парцье выйшаў, i ў дзвярах кабiнета з'явiлася мiсiс Кiрбi-Шоў.
- Заходзь, - сказаў Берстэкер. - Якраз я збiраўся цябе паклiкаць. Твой клiент ужо быў у мяне, папярэдзiў, што хоча выехаць.
