- Не часта, - крыху збянтэжаца адказаў той. - Не часта... Але гэта бывае. Вось, напрыклад, я.

- Вы? Сапраўды? Вы прыехалi сюды як... клiент?

- Вось што, мiстэр, - сказаў шафёр, - я ўзяўся за гэтую работу не для таго, каб у мяне пыталiся, дый павароты тут небяспечныя. Вы ж, мабыць, не хочаце, каб я ўкакошыў вас i гэтых дзяўчынак.

- Вядома, не хачу, - згадзiўся Жан Манье i, зразумеўшы недарэчнасць свайго адказу, усмiхнуўся.

Гадзiны праз дзве шафёр моўчкi паказаў яму пальцам на сiлуэт "Танатоса", якi вырысоўваўся на пласкагор'i.

* * *

Гатэль быў пабудаваны ў гiшпана-iндзейскiм стылi: нiзкi, са ступеньчатым дахам i чырвонымi мураванымi сценамi - грубая iмiтацыя пад глiну. Пакоi выходзiлi на поўдзень, на крытыя веранды, шчодра асветленыя сонцам. Прыезджых сустрэў парцье-iталiец. Яго чыста выбрыты твар адразу ж нагадаў Жану Манье другую краiну, вулiцы вялiкага горада, бульвары ў кветках.

- Чорт вазьмi, дзе я вас бачыў? - запытаў ён у парцье ў той час, як хлопчык-слуга браў яго чамадан.

- У Барселоне, сэр, у гатэлi "Рыц"... Прозвiшча маё - Сарконi... Я выехаў адтуль, калi пачалася рэвалюцыя...

- З Барселоны ў Новую Мексiку! Нiшто сабе махнуў!

- О, сэр, пасада швейцара ўсюды аднолькавая. Толькi карткi, якiя я папрашу вас запоўнiць, тут крыху даўжэйшыя. Вы ўжо, калi ласка, даруйце, сэр.

Ён падаў гасцям друкаваныя бланкi, дзе сапраўды было многа граф, пытанняў i падрабязных тлумачэнняў. Клiентам прапаноўвалася дакладна запiсаць дату i месца свайго нараджэння, а таксама прозвiшчы асоб, якiх трэба апавясцiць у выпадку няшчаснага здарэння.

"Просьба прыкласцi адрасы сваякоў цi сяброў (самае меншае - два) i абавязкова перапiсаць уласнаручна на сваёй роднай мове наступную заяву (форма А):

Я, нiжэйпадпiсаны, ......, будучы пры сваiм розуме i ў цвёрдай памяцi, сцвярджаю i сведчу, што сам добраахвотна расстаюся з жыццём, а таму здымаю цалкам з дырэкцыi ўсякую адказнасць, калi са мною што здарыцца..."

Седзячы за суседнiм столiкам адна адной насупраць, дзве прыгожанькiя спадарожнiцы Жана Манье старанна перапiсвалi форму. Ён заўважыў, што яны выбралi нямецкi тэкст.

* * *

Дырэктар гатэля Генры Берстэкер, спакойны чалавек у акулярах з залатой аправай, вельмi ганарыўся сваiм адмысловым пансiянатам.



6 из 14