
- Наступная станцыя - Дымiнг, - папярэдзiў Жана Манье негр, праваднiк спальнага вагона. - Пачысцiць вам чаравiкi, мiстэр?
Француз сабраў свае кнiжкi i зачынiў чамадан. Звычайнасць гэтага, што нi кажы, апошняга падарожжа здзiўляла яго. Ён пачуў шум горнага патока. Заскрыгаталi тармазы. Цягнiк спынiўся.
- У "Танатос", сэр? - аклiкнуў Жана Манье насiльшчык-iндзеец, прабягаючы паўз вагоны. Ён пагрузiў ужо ў сваю каламажку багаж дзвюх маладзенькiх бландзiнак, якiя тупалi за iм услед.
"Няўжо гэтыя дзве мiлыя дзяўчыны прыехалi сюды памiраць?" - падумаў Жан Манье.
Яны зiрнулi на яго засмучанымi вачамi i прашапталi нейкiя словы, якiх ён не разабраў.
Аўтобус гатэля "Танатос" зусiм не быў падобны на катафалк, як некаторыя маглi сабе ўявiць. Пафарбаваны ў ярка-сiнi колер, блакiтны i жоўценькi ўнутры, ён зiхацеў на сонцы сярод абшарпаных i разбiтых аўтамашын, якiя надавалi прывакзальнаму двару, дзе не сцiхала гiшпанская i iндзейская лаянка, выгляд рынка, заваленага жалезным ламаччам. Скалы, што абступалi дарогу, абраслi лiшайнiкам, былi пакрыты блакiтна-шэрай смугой, а вышэй выблiсквалi металiчныя колеры горных парод. Шафёр, тоўсты чалавек з лупатымi вачамi, быў у шэрым форменным адзеннi. Жан Манье з далiкатнасцi сеў побач з iм, каб не дакучаць сваiм спадарожнiцам. Потым, калi машына пачала пятляць, крута падымаючыся ўгору, француз паспрабаваў загаварыць са сваiм маўклiвым суседам:
- Вы даўно працуеце шафёрам "Танатоса"?
- Тры гады, - прабурчаў шафёр.
- Дзiўная, вiдаць, работа.
- Дзiўная? - пацiснуў плячамi шафёр. - Чаму дзiўная? Я ваджу аўтобус. Што ж тут дзiўнага?
- Скажыце, вашы пасажыры калi-небудзь вяртаюцца?
