Я ведаў, што яны мае ворагi, але ж яны - яны гэтага не ведалi. Яны любiлi адзiн аднаго i заўсёды трымалiся разам, локаць да локця; яны i мне часам дапамагалi - у тым, у сiм: яны ж лiчылi мяне за свайго, да iх падобнага. Але каб яны здолелi здагадацца хоць пра сама маленькую крыху праўды - яны б мяне скамiсавалi. Дарэчы, пазней яны так i зрабiлi. Калi спаймалi i даведалiся, хто я. Яны сцерлi мяне на дробны мак, бiлi ў камiсарыяце цэлыя дзве гадзiны, малацiлi кулакамi i давалi поўхi, выкручвалi рукi, раздзерлi ў шмоцце нагавiцы, а пасля, каб было чым закончыць, кiнулi на падлогу мае акуляры, i пакуль я iх шукаў, на карачках, бiлi мяне нагамi пад заднiцу i рагаталi. Я заўсёды прадбачыў, што гэтым скончыцца - мяне скамiсуюць: я ж не дужы i абаранiць сябе не магу. А некаторыя ўжо даўно на мяне палявалi: бамбiзы. Яны штурхалi мяне на вулiцы - каб пасмяяцца i каб пабачыць, што я буду рабiць. А я маўчаў. Я рабiў выгляд, што не разумею. I ўсё роўна - папаўся. Нездарма, вiдаць, ува мне заўсёды жыў гэты страх: гэта было прадчуванне. Зрэшты, вы, вядома, разумееце, што ў мяне былi i намнога сур'ёзнейшыя прычыны iх ненавiдзець.

А што да страху, дык усё пайшло намнога лепей з таго дня, як я купiў сабе рэвальвер. Дарэчы, калi ўвесь час носiш пры сабе якую такую штучку, якая можа выбухнуць цi нарабiць грукату, дык сапраўды адчуваеш сябе неяк мацнейшым. I вось я кожную нядзелю браў яго з сабой, соваў проста ў нагавiцы, у кiшэню, i iшоў прагуляцца - звычайна на бульвары. Я адчуваў, як ён адцягвае мне нагавiцы, што той краб, як халодзiць металам сцягно. Але пакрысе ад дотыку з целам ён саграваўся. Хада ў мяне была трошкi ненатуральная, збоку я, вiдаць, нагадваў тыпа, у якога пачалася эрэкцыя i чэлес кожны раз замiнае яму вольна ступiць. Тады я соваў руку ў кiшэню i папраўляў гэтую рэч. Часам я заходзiў у прыбiральнi - але, вядома, i там я быў таксама ўважлiвы, бо часта побач можа быць нейкi сусед, - я вымаў рэвальвер, узважваў яго ў руцэ i разглядаў яго дзяржанне з чорнымi краткамi i чорны курок, падобны на прыплюшчанае павека. А тыя, хто бачыў звонку мае расстаўленыя ногi i нiз калашын, думалi, што я мачуся. Але я - нiколi не мачуся ў публiчных прыбiральнях.



2 из 18