
А аднойчы мне прыйшла ў галаву думка пастраляць у людзей. Гэта было суботнiм вечарам, калi я збiраўся да Леi - адной бландзiнкi, якая заўсёды цiкуе перад гатэлем на вулiцы Манпарнас. Мiж iншым, я нiколi не меў iнтымных сувязяў з нiводнай жанчынай: я ўпэўнены, што пасля адчуў бы сябе толькi абрабаваным. Вядома, на iх залазiш зверху, але ж потым яны праглынаюць сваiм вялiзным валасатым ротам тое, што ў вас пад жыватом, i мяркуючы па тым, што я чуў, якраз яны ў такiм абмене i выйграюць - i выйграюць многа. А я нiчога нi ў кога не прашу, i сам аддаваць нiчога не збiраюся. Прынамсi, каб я i рашыўся займець каханку, яна павiнна была б быць жанчынай фрыгiднаю i пакорлiваю i такой, каб пераносiла мяне з гiдлiвасцю. У першую суботу кожнага месяца я падымаўся з Леяй у нумар у гатэлi "Дзюкэн". Яна распраналася, i я разглядаў яе, не дакранаючыся. Здаралася, што яно выходзiла неяк само, проста ў нагавiцах, але часам я раней паспяваў вярнуцца дадому.
У той вечар Леi на звычайным месцы не было. Я крыху пачакаў, але так яе i не ўбачыўшы, вырашыў, што яна, вiдаць, захварэла. Тады быў пачатак студзеня i было вельмi холадна. Я быў расчараваны: я ўвогуле чалавек уражлiвы, а тады, ужо загадзя, я так жыва ўявiў сабе асалоду, якую павiнен атрымаць ад гэтага вечара. Праўда, на вулiцы Адэсы была яшчэ адна шлюха - брунетка, якую я даўно запрыкмецiў, - крыху пераспелая, але такая дзябёленькая i пухлявая; дый я ўвогуле нiколi не гiдзiўся пераспелымi: яны, калi распрануцца, па-мойму, выглядаюць яшчэ больш гола, чым iншыя. Але тая не ведала, якiя ў мяне ўмовы, i мне было крыху сорамна выкласцi ёй усё вось так - адразу з парога. Дый потым, я не надта давяраю розным новым знаёмствам: гэтыя бабы могуць схаваць у сябе за дзвярыма якогась паскуднiка, а потым, калi ўсё гатова, гэты тып раптам выскачыць i забярэ ў вас усе вашыя грошы. I лiчыце, што пашанцавала, калi яшчэ не надае кухталёў. Але ў той вечар на мяне найшла чорт ведае якая адвага. Я вырашыў зайсцi дадому па рэвальвер i потым паспрабаваць-такi з гэтай брунеткай.
