
Ранiцай па панядзелках рабiць асаблiва няма чаго. Машынiстка з гандлёвага аддзела прынесла нам тады квiткi ад рахункаў. Лёмэрсье далiкатна з ёю пажартаваў, i потым, калi яна выйшла, яны са скептычнаю кампетэнтнасцю пачалi абмяркоўваць яе вартасцi. Потым загаманiлi пра Лiндберга. Лiндберг усiм падабаўся. I я сказаў:
- А я дык, напрыклад, люблю чорных герояў.
- Гэта што - мурынаў? - спытаўся Масэ.
- Не, чорных - у тым жа сэнсе, што чорная магiя. Лiндберг - светлы герой. Ён мяне не цiкавiць.
- Ага, - з'едлiва прамовiў Буксэн, - спачатку паспрабавалi б самi, цi лёгка пераляцець Атлантыку.
Я растлумачыў iм, як сабе разумею чорнага героя.
- Анархiст, - падсумаваў Лёмэрсье.
- Не, - мякка адмовiўся я, - анархiсты таксама па-свойму любяць людзей.
- Ну, значыць, увогуле нейкi вар'ят.
У гэты момант слова ўзяў Масэ, якi больш за iншых разумеў у лiтаратуры.
- Я ведаю, якi тып вы мелi на ўвазе, - сказаў ён. - Яго звалi Герастрат. Яму вельмi карцела праславiцца, i ён не знайшоў нiчога лепшага, як падпалiць Эфескi храм, адно з сямi дзiвосаў свету.
- А як звалi архiтэктара храма?
- Не памятаю, - прызнаўся Масэ, - па-мойму, яго iмя наогул невядомае.
- Няўжо? А iмя Герастрата вы, значыць, памятаеце? Як бачыце, яго разлiк быў не такi ўжо благi.
На гэтых словах размова скончылася, але я быў спакойны: прыйдзе час, i яны яе ўспомняць. Што да мяне, дык гiсторыя з Герастратам, пра якога я раней нiчога не чуў, мяне падбадзёрыла. Больш за дзве тысячы гадоў мiнула з таго часу, як ён памёр, а яго ўчынак яшчэ зiхцеў, як чорны алмаз.
