Якi ж я быў дурань, сказаў я сабе. I адчуў горкiя згрызоты: пакуль я быў там, я павiнен быў стрэлiць, прадзiравiць гэты жывот, як друшляк. Гэтаю ноччу i яшчэ тры ночы пасля мне ўвесь час снiлiся шэсць маленькiх чырвоных дзiрачак вакол пупа.

З таго часу я ўжо болей не выходзiў без рэвальвера. Я разглядаў у людзей спiны i па хадзе стараўся ўявiць, як бы яны ўпалi, каб я ў iх стрэлiў. У мяне тады ўзнiкла прывычка кожную нядзелю хадзiць да "Шатле" i чакаць заканчэння канцэрта класiчнай музыкi. Недзе каля шостай гадзiны я чуў званок, бiлецёркi адчынялi вялiкiя зашклёныя дзверы i замацоўвалi iх кручкамi. I тут пачыналася: натоўп выходзiў паволi; людзi iшлi, нiбы плылi, з вачыма, яшчэ поўнымi кроз, i сэрцамi, яшчэ поўнымi салодкiх пачуццяў. Многiя здзiўлена азiралiся вакол: вулiца, напэўна, здавалася iм нейкаю шызаю. I тады яны загадкава ўсмiхалiся: нiбыта вярталiся з нейкага iншага свету ў гэты. А ў гэтым iх чакаў я. Я соваў правую руку ў кiшэню i з усяе сiлы сцiскаў дзяржанне рэвальвера. Праз нейкi час я ўжо наяве бачыў, як пачынаю ў iх страляць. I яны сыпалiся, як гарох, падалi адзiн на аднаго, а тыя, хто выжыў, у панiцы кiдалiся назад у тэатр, у штурханiне разбiваючы ўшчэнт зашклёныя дзверы. Гэтая гульня мяне вельмi ўзбуджвала: урэшце ў мяне пачыналi дрыжаць рукi, i каб супакоiцца, я быў вымушаны iсцi да Дэера выпiць порцыю каньяку.

Жанчын бы я не забiваў. Я страляў бы iм у заднiцу. Цi па лытках - хай бы паскакалi.

На той час я нiчога яшчэ канчаткова не вырашыў. Але размеркаваў рабiць усё так, нiбы рашэнне прынятае. Перш за ўсё я пачаў з уладжвання розных пабочных дробязяў. Хадзiў практыкавацца ў тыр на кiрмашы Данфер-Рашро. Праўда, мiшэнямi сваiмi не магу пахвалiцца, але ж людзi - намнога лепшыя цэлi, асаблiва калi страляць ва ўпор. I апроч таго - я заняўся самарэкламай. Я выбраў дзень, калi ўсе мае калегi сабралiся ў канторы. Гэта было ранiцай у панядзелак. Я быў з iмi падкрэслена прыязны - з прынцыпу, хоць мне рабiлася пагана пры адной толькi думцы, што iм трэба будзе пацiскаць рукi. Каб павiтацца, яны здымалi пальчаткi, прычым у iх была нейкая пахабная манера распранаць руку - спачатку яны задзiралi пальчатку i потым паволi сцягвалi яе, торгаючы за пальцы i выстаўляючы напаказ галiзну пакамечанай зморшчынкамi тлустай далонi. Я пальчатак не здымаў нiколi.



7 из 18