
Знадворку чулiся журботныя стогны, на якiя хлопец урэшце пачаў адгукацца такiмi самымi стогнамi.
Так мiналi днi i ночы, а яны ўсё вылi адзiн у адказ другому. Адзiн увесь час круцiўся вакол дома, драпаў сцяну кiпцямi так моцна, што здавалася - сцяна не вытрымае, другi ж, у доме, прыслухоўваўся да кожнага руху знадворку, скурчыўшыся, прыклаўшы вуха да сцяны, адказваючы на кожны гук страшным крыкам.
Аднаго вечара Ульрых нiчога не пачуў з-за сцяны. Ён сеў, разбiты стомай, i адразу заснуў.
Прачнуўся ён, нiчога не памятаючы, нi пра вошта не думаючы, быццам галава яго спустошылася падчас гэтага цяжкага сну. Ён быў галодны i таму кiнуўся есцi.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Зiма скончылася. Перавал Жэмi зноў адкрыўся, i сям'я Хаўзэраў рушыла ў горы, каб на лета зноў пасялiцца ў сваiм гатэлi.
Дайшоўшы да вяршынi перавалу, жанчыны ўзлезлi на мула i пачалi гаварыць пра двух праваднiкоў, якiх яны хутка павiнны былi ўбачыць.
Iх дзiвiла тое, што нiводзiн з iх не спусцiўся на некалькi дзён раней, калi дарога ўжо адкрылася, каб расказаць пра сваё доўгае зiмаванне.
Нарэшце яны заўважылi гатэль, яшчэ ўкрыты снегам. Дзверы i акно былi зачыненыя, але над дахам вiўся дымок, i Хаўзэр-бацька супакоiўся. Але наблiзiўшыся да дома, ён заўважыў на парозе шкiлет нейкай жывёлiны, якую разадралi арлы.
Усе разгледзелi яго. "Гэта напэўна Сэм", - сказала мацi. Яна паклiкала: "Гэй, Гаспар!" У адказ з дома пачуўся прарэзлiвы крык, хутчэй звярыны, чым чалавечы. Хаўзэр-бацька паклiкаў зноў: "Гаспар!" I зноў пачуўся той самы крык.
Бацька i сыны паспрабавалi адчынiць дзверы, але яны не далiся. Тады схадзiлi ў пустую стайню, прынеслi бервяно i з усяе сiлы стукнулi iм у дзверы. Дрэва хруснула, падалося, дошкi разляцелiся на кавалкi. Пасля ў доме пачуўся страшэнны грукат, i яны заўважылi за перакуленым буфетам чалавека з валасамi да плячэй, з барадою да пояса, з блiскучымi вачыма, з рызманамi на целе замест вопраткi.
