Ён уставаў, хiстаючыся, выстаўляючы рукi, каб не ўпасцi, i клiкаў Сэма на дапамогу. I сабака, якi ўжо, як i гаспадар, таксама страцiў розум, кiдаўся да дзвярэй, пачынаў драпаць iх кiпцямi, грызцi сваiмi вялiкiмi белымi зубамi, а хлопец тым часам стаяў, задраўшы галаву, i прагна глытаў, нiбы ваду пасля доўгага бегу, гарэлку, што на нейкi час зноў усыпляла яго думкi, яго памяць i яго неадчэпны страх.

За тры тыднi ён выпiў усё назапашанае спiртное. Але гэтае доўгае п'янства толькi часова ўсыпляла яго страх, што прачынаўся з новай лютасцю, як толькi канчалася дзеянне алкаголю. I тады неадчэпная думка аб памерлым, памоцненая месяцам апойства i абсалютнай адзiноты, уядалася ў яго, як свердзел. Тады ён пачынаў хадзiць па пакоi, як звер у клетцы, прыкладаў вуха да дзвярэй, прыслухоўваўся, цi той другi ўсё яшчэ там, i крычаў яму праз сцяну.

Пасля, як толькi ёп пачынаў засынаць, зможаны стомай, ён зноў чуў голас i ўскокваў на ногi.

Нарэшце аднае ночы ён, гатовы на ўсё ад роспачы i страху, падскочыў да дзвярэй i адчынiў, каб паглядзець на таго, хто яго клiча, каб прымусiць яго замаўчаць.

Сцюдзёны вецер шугануў яму ў твар i працяў наскрозь смяротным холадам. Ён хутка зачынiў дзверы i замкнуўся на засаўку, не заўважыўшы, што Сэм застаўся на дварэ. Пасля, дрыжучы, ён падкiнуў дроў у агонь i сеў перад iм, каб сагрэцца, але раптам уздрыгнуў, бо пачуў, як нехта скрабецца ў сцяну i плача.

Ён ашалела закрычаў: "Iдзi адсюль!" У адказ пачуўся працяжны жаласны стогн.

I тады страх забраў рэшту розуму. Ён паўтараў: "Iдзi адсюль!" - i сам круiцўся на месцы, каб знайсцi куток, куды схавацца. А той знадворку не пераставаў плакаць, хадзiць вакол дома i церцiся аб сцены. Ульрых кiнуўся да дубовага буфета, набiтага посудам i харчамi, i, прыўзняўшы яго з нялюдскай сiлай, заставiў iм дзверы. Пасля, сцягнуўшы ў кучу ўсё, што засталося ад мэблi, матрацаў, сеннiкоў, крэслаў, ён заклаў акно, быццам баронячыся ад аблогi.



11 из 13