
У мястэчку, што ляжала нiбы ў калодзежы сярод скалаў, снегу яшчэ не было. Снег абступiў яго з усiх бакоў, але сасновыя лясы надзейна баранiлi мястэчка i ваколiцы ад белай навалы. Нiзенькiя дамы былi падобныя да каменьчыкаў, раскiданых па лузе.
Луiза Хаўзэр цяпер была недзе там, у адным з гэтых шэрых будынкаў. У якiм? Ульрых быў занадта далёка, каб дэталёва разгледзець дамы. Як бы ён хацеў спусцiцца, пакуль было яшчэ не позна!
Але сонца знiкла за вялiзнай вяршыняй Вiльдструбэля, i хлопец вярнуўся. Дзядзька Хары курыў, як i ранiцай. Заўважыўшы, што кампаньён вярнуўся, Хары прапанаваў яму згуляць у карты, i яны селi за стол.
Гулялi яны доўга, пасля, павячэраўшы, паклалiся спаць.
Наступныя днi, сонечныя, халодныя i бясснежныя, былi падобныя да першага. Стары Гаспар бавiў вечары, сочачы за арламi i iншымi рэдкiмi птушкамi, што наважвалiся залятаць на ледзяныя вяршынi, а Ульрых штодня прыходзiў да перавала, каб паглядзець на мястэчка. Пасля яны гулялi ў карты, у косцi, у дамiно, выйгравалi i прайгравалi адзiн аднаму розныя дробныя рэчы, каб цiкавей было гуляць.
Аднойчы ранiцай Хары, якi прачнуўся першы, абудзiў кампаньёна. Пышнае, глыбокае, лёгкае, рухомае воблака белага шуму бязгучна падала на iх, вакол iх, хаваючы iх пад тоўстай i цяжкай пярынаю. Так цягнулася чатыры днi i чатыры ночы. Трэба было вызваляць з-пад снегу дзверы i вокны, пракопваць калiдор i высякаць прыступкi, каб выбрацца з гэтай ледзяной турмы, бо за дванаццаць гадзiн марозу снег зрабiўся цвярдзейшы за гранiт.
I яны сталi жыць, як вязнi, не наважваючыся асаблiва вылазiць са свайго жытла. Яны падзялiлi мiж сабою ўсе абавязкi i старанна iх выконвалi. Ульрых прыбiраў, мыў, рабiў усё, што забяспечвала чысцiню ў гатэлi. Ён таксама калоў дровы. Гаспар Хары шчыраваў на кухнi i пiльнаваў агонь. Iхняя заўсёдная нудлiвая праца перарывалася часам партыяй у карты цi ў косцi. Яны нiколi не сварылiся, абодва былi спакойныя i пакорлiвыя. Нiколi не выказвалi нецярплiвасцi, благога настрою, нiколi не лаялiся, бо загадзя скарылiся лёсу перад гэтым зiмаваннем сярод гор.
