Часам стары Гаспар браў стрэльбу i iшоў паляваць на сарнаў, калi-нiкалi прыносiў здабычу. Тады ў горным гатэлi Шварэнбах было свята i ладзiўся банкет са свежым мясам.

Аднойчы ранiцай ён выйшаў як звычайна. Тэрмометр паказваў васемнаццаць градусаў нiжэй нуля. Сонца яшчэ не ўзышло, i стары меркаваў заспець дзiчыну на подступах да Вiльдструбэля.

Застаўшыся адзiн, Ульрых спаў да дзесятай гадзiны. Ён увогуле любiў паспаць, але нiколi б на такое не адважыўся, калi б у доме застаўся стары праваднiк, што ўставаў заўсёды вельмi рана.

Ён не спяшаючыся паснедаў з Сэмам, якi таксама цэлыя днi i ночы спаў перад агнём. Пасля яму зрабiлася сумна i нават боязна на адзiноце, ён засумаваў па штодзённай партыi ў карты.

Тады ён выйшаў з дому, каб пайсцi насустрач свайму кампаньёну, якi павiнен быў вярнуцца а чацвёртай гадзiне.

Снег зраўнаваў усю глыбокую далiну, забiў расколiны, схаваўшы абодва возеры, ахутаўшы скалы. Цяпер памiж высачэзнымi вяршынямi засталася вялiзная белая западзiна, аднастайная i сляпучая.

Ужо тры тыднi Ульрых не хадзiў да краю прорвы, адкуль ён глядзеў на мястэчка. I таму, перш чым палезцi па стромых схiлах Вiльдструбэля, ён завярнуў туды. Лёэш цяпер патанаў у снезе, будынкi, схаваныя пад белым футрам, ужо немагчыма было разгледзець.

Пасля, павярнуўшы ўправа, ён выйшаў да ледавiка Лёмэрн. Ён ступаў шырока, як горны жыхар, пастукваючы жалезным кiйком па цвёрдым, як камень, снезе. Ён пiльна ўглядаўся ў далечыню, шукаючы на гэтым бязмежным белым абрусе маленькую чорную кропку.

Каля ледавiка ён спынiўся, разважаючы, цi пайшоў стары менавiта гэтай дарогай, пасля рушыў уздоўж скал шпаркiм, неспакойным крокам.



5 из 13