
Ён пачаў збiрацца.
Ён паклаў у наплечнiк харчоў на два днi, узяў сталёвыя крукi, абвязаўся вакол пояса доўгай, тонкай i моцнай вяроўкай, праверыў свой жалезны кiёк i сякерку, якою высякаюць прыступкi ў лёдзе. Пасля ён стаў i азiрнуўся. У камiне гарэў агонь. Асветлены полымем, спаў, цiхенька сапучы, вялiкi сабака. Гадзiннiк пастукваў, як сэрца, у сваёй скрынцы са звонкага дрэва.
Ён чакаў, уважлiва прыслухоўваючыся да далёкiх гукаў, i ўздрыгваў кожнага разу, калi лёгкi вецер прабягаў па даху i сценах.
Прабiла поўнач, Ульрых здрыгануўся. Адчуваючы холад i страх, ён паставiў на агонь ваду, каб перад адыходам папiць гарачай кавы.
Калi гадзiннiк прабiў адну гадзiну, ён устаў, абудзiў Сэма, адчынiў дзверы i пайшоў у бок Вiльдструбэля. Пяць гадзiн ён узбiраўся на скалы з дапамогай крукоў, прасякаў лёд, iшоў наперад, часам падцягваючы на вяроўцы сабаку, якi не мог сам адолець занадта стромыя схiлы. Прыблiзна а шостай гадзiне ён дабраўся да месца, дзе Гаспар звычайна паляваў на сарнаў.
Ён стаў чакаць, пакуль развiднее.
Неба ў яго над галавою пачало бляднець. Раптам нейкае дзiўнае святло, што ўзялося невядома адкуль, асвятлiла ўвесь гэты велiзарны лес бледных вяршыняў, што ўзвышалiся з усiх бакоў. Здавалася, што гэтае няяснае святло iшло ад самога снегу i разлiвалася ў паветры. Паступова найвышэйшыя з далёкiх вяршыняў зрабiлiся светла-ружовыя, i з-за цяжкiх волатаў Бернскiх Альпаў паказалася чырвонае сонца.
Ульрых пайшоў далей. Ён iшоў, як паляўнiчы, прыгнуўшыся, высочваючы сляды, загадваючы сабаку: "Шукай, дарагi, шукай".
Цяпер ён ужо спускаўся з гары, углядаючыся ў цяснiны, i часам моцна гукаў, але голас хутка гiнуў у нямым бязмежжы. Тады ён прыкладаў вуха да зямлi i ўслухоўваўся. Яму здавалася, што ён чуе нечы голас, ён бег, зноў крычаў, але, не дачакаўшыся адказу, садзiўся ў роспачы i безнадзейнасцi. Апоўднi ён паабедаў i пакармiў Сэма, таксама вельмi стомленага.
