Пасля ён зноў падаўся на пошукi.

Калi настаў вечар, ён яшчэ iшоў, хоць за спiнай было ўжо пяцьдзесят кiламетраў горных сцежак. Ён быў занадта далёка ад дому, каб вярнуцца, i занадта стомлены, каб iсцi далей, таму ён выкапаў яму ў снезе i лёг у яе разам з сабакам, увярцеўшыся ў коўдру, якую ён нёс з сабой. Так яны i ляжалi, прытулiўшыся адзiн да аднаго, чалавек i жывёлiна, грэючы адзiн аднаго сваiм целам, i ўсё роўна страшэнна мерзлi.

Ульрых зусiм не спаў, яго розум мучылi жахi, яго цела дрыжала ад холаду.

Калi ён устаў, пачынала днець. Ногi здранцвелi i зрабiлiся цяжкiя, як жалезныя бэлькi, душа так аслабела, што хацелася крычаць ад роспачы, сэрца так бiлася, што, пэўна, разарвалася б, калi б ён пачуў хоць якi гук.

Раптам прыйшла думка, што i ён гэтаксама памрэ ад холаду ў гэтай снежнай пустэльнi, i страх такой смерцi абудзiў у iм энергiю, аднекуль знайшлася сiла.

Ён пачаў спускацца ў кiрунку гатэля, падаючы i паднiмаючыся зноў, а далёка за iм кульгаў на трох лапах Сэм.

Яны давалаклiся да Шварэнбаха толькi а чацвёртай гадзiне папаўднi. Дом быў пусты. Хлопец распалiў агонь, паеў i заснуў, ачмурэлы да таго, што ўжо нi пра вошта не думаў.

Спаў ён доўга, вельмi доўга, непрабудным сном. Але раптам нечы голас, нечы крык "Ульрых!" парушыў яго глыбокае зняменне, i ён ускочыў. Цi яму гэта прымроiлася? Цi быў гэта той дзiўны воклiч, што час ад часу ўрываецца ў сны нервова неспакойнага чалавека? Не, ён усё яшчэ чуў гэты пранiзлiвы крык, што ўвайшоў праз вушы ў цела i, здавалася, запоўнiў яго аж да кончыкаў пальцаў. Пэўная рэч, нехта крычаў, нехта клiкаў: "Ульрых!" Нехта быў тут, побач з домам. Ён у гэтым не сумняваўся. Ён расчынiў дзверы i закрычаў што ставала моцы: "Гэта ты, Гаспар?"

Нiхто не адгукнуўся, нiякага гуку, нiякага шэпту, нiякага стогну, нiчога. Стаяла цёмная ноч. Бледна паблiскваў снег.

Узняўся вецер, сцюдзёны горны вецер, што разбiвае камянi i не пакiдае нiчога жывога сярод гэтых забытых Богам вяршыняў. Яго раптоўныя парывы былi больш высушлiвыя i смяротныя, чым пякучы вецер пустынi. Ульрых зноў закрычаў: "Гаспар! Гаспар! Гаспар!"



8 из 13