
Дару ўстаў, з класнага пакоя не даносiлася нiякiх гукаў. Настаўнiк здзiвiўся той шчырай радасцi, якая ахапiла яго пры адной толькi думцы, што араб уцёк, што ён зноў застаўся адзiн i яму нiчога не трэба вырашаць. Але вязень быў на месцы. Ён толькi лёг i выпрастаўся на ўвесь рост памiж печчу i сталом. Ён ляжаў з расплюшчанымi вачыма, утаропiўшы позiрк у столь. У такой паставе яго тоўстыя вусны асаблiва кiдалiся ў вочы i надавалi яму насуплены i незадаволены выгляд. "Хадзi, - паклiкаў Дару. Араб устаў i падаўся за iм. У пакоi настаўнiк паказаў яму на крэсла, што стаяла побач са сталом, каля акна. Араб сеў, па-ранейшаму гледзячы на Дару.
- Есцi хочаш?
- Хачу, - адказаў вязень.
Дару паставiў на стол дзве талеркi, паклаў вiдэльцы. Потым узяў мукi, алею, замясiў у мiсе i запалiў маленькую газавую плiтку. Пакуль праснак пёкся, ён пайшоў пад паветку, прынёс сыру, яек, смокваў i згушчанага малака. Праснак быў гатовы. Ён паклаў яго астыць на падаконнiк i падагрэў разведзенае вадой малако. Разбоўтваючы ў малацэ яйкi, ён выпадкова крануў рэвальвер, якi ляжаў у правай кiшэнi. Тады ён адставiў мiсу, прайшоў у класны пакой i засунуў рэвальвер у шуфляду пiсьмовага стала. Вярнуўшыся, ён заўважыў, што на дварэ пачынае цямнець. Ён запалiў святло i паклаў арабу яечнi. "Еш", - сказаў ён. Той узяў кавалак праснака, хацеў ужо есцi, але не стаў.
