- А ты? - спытаўся ён.

- Еш. Я зараз таксама буду.

Тоўстыя вусны трошкi растулiлiся, араб вагаўся. Але нарэшце рашуча ўкусiў праснак.

Падсiлкаваўшыся, ён зноў глядзеў на настаўнiка.

- Гэта ты - суддзя?

- Не, ты ў мяне застанешся да заўтра.

- Чаму ты ясi са мной?

- Таму, што галодны.

Араб змоўк. Дару падняўся i выйшаў. Ён прынёс з-пад павецi раскладны ложак, паставiў яго перпендыкулярна да свайго, памiж сталом i грубкай. З вялiзнага чамадана, якi стаяў у куце замест палiцы пад розныя паперы, ён дастаў два прасцiрадлы i паслаў iх на прынесеным ложку. Потым выпрастаўся, адчуў, што цяпер можна адпачыць, i сеў на канапу. Усё было зроблена, усё было падрыхтавана. Заставалася адно: глядзець на араба. I ён глядзеў, намагаючыся ўявiць сабе яго твар у гневе. Яму гэта не ўдавалася. Ён бачыў толькi яго цёмныя i адначасова блiскучыя вочы i вялiкi, нiбыта ў жывёлiны, рот.

- Чаму ты яго забiў? - спытаўся Дару i здзiвiўся варожасцi свайго голасу.

Араб адвёў вочы.

- Ён хацеў уцячы. Я пабег за iм.

Ён зноў зiрнуў на настаўнiка, i ў яго вачах можна было прачытаць нешта накшталт пакутлiвага пытання.

- Што цяпер са мной зробяць?

- Табе страшна?

Араб увесь напружыўся i зноў адвёў вочы.

- Ты шкадуеш, што забiў?

Араб зiрнуў на Дару, разявiўшы рот. Было вiдаць, што ён не разумее. Дару гэта пачынала злаваць. Але разам з тым ён адчуваў сябе неяк няёмка, ненатуральна, зацiснутым сваiм дзябёлым целам памiж двух ложкаў.

- Кладзiся, - нецярплiва сказаў ён. - Гэты ложак табе.

Араб не варухнуўся. Ён гукнуў Дару:

- Скажы...

Настаўнiк зiрнуў на яго.

- Жандар заўтра вернецца?

- Не ведаю.



9 из 15