У лiку некалькiх дзесяткаў першакласнiкаў, адзiн з якiх ужо галiў вусы сапраўднай брытвай, трое цэлымi днямi гулялi пад партай у карты, а iншыя былi здаровыя, як кантанiсты*, быў калека - Юзя. Хлопчык маленькi на свае гады, гарбаты, благi, з сiнiм носiкам, бледнымi вачыма i гладкiмi валасамi. Быў ён такi кволы, што ў дарозе са школы дахаты павiнен быў адпачываць, i такi баязлiвы, што, калi яго выклiкалi адказваць урок, нямеў са страху. Нiколi ён нi з кiм не бiўся, толькi iншых прасiў, каб яго не бiлi. Калi яму аднойчы "далi ляшча" па сухой, як кiёчак, руцэ - самлеў, аднак, апрытомнеўшы, не паскардзiўся.

*Кантанiст - салдацкi сын, выхаванец нiжэйшай вайсковай школы.

Ён не быў сiрата, але бацька прагнаў мацi, а Юзя пакiнуў сабе, сам захацеў кiраваць яго вучобай. Сам хацеў праводзiць сына ў школу, разам з iм праходжвацца, падвучваць яго, аднак не рабiў усяго гэтага з-за недахопу часу, якi ў яго дзiўна хутка знiкаў у Мошкi Лiпы, што гандляваў гарэлкай i аўсяным пiвам.

Такiм чынам у Юзя не было анiякай апекi, а мне часамi здавалася, што на такога мальца нават i бог з неба глядзiць неахвотна.

А грошы ў Юзя ўсё-такi бывалi, па шэсць i па дзесяць грошаў на дзень. За iх ён павiнен быў у перапынку купляць сабе дзве булачкi i сасiску. Але таму, што ўсе з яго здзекавалiся i трэба было неяк страхавацца, ён купляў пяць булачак i раздаваў iх найдужэйшым сябрам, каб мець у iх ласку.

Гэты падатак не вельмi яму дапамагаў, бо апроч пяцi падкупленых было разоў тры болей тых, каго ён не мог падкупiць. Дакучалi яму няспынна. Той ушчыкне, той тузане за валасы, iншы чым-небудзь уколе, яшчэ iншы дасць лузгана, а ўжо найменш адважны назаве гарбатым.

Юзя толькi пасмейваўся на гэтыя жарцiкi, часамi прасiўся: "Годзе ўжо!..", а то i зусiм нiчога не гаварыў - абапрэцца на сваiх худых руках i плача.

Сябры крычалi тады: "Зiрнiце, як горб трасецца!.." i дакучалi яму яшчэ горш.



11 из 50