
Мае адносiны з настаўнiкамi былi розныя.
Настаўнiк лацiнскай мовы ставiў мне нягоршыя адзнакi таму, што я стараўся на ўроках гiмнастыкi, якiя вёў таксама ён. Ксёндз, выкладчык рэлiгii, наогул не ставiў мне адзнак, бо я засыпаў яго мноствам нялёгкiх пытанняў, на якiя ў яго быў заўсёды той самы адказ: "Ляснеўскi, стань на каленi!" Настаўнiк малявання i калiграфii хвалiў мяне як мастак, але ганiў як калiграф; аднак таму, што ў разуменнi ягоным майстэрства пiсьма было найважнейшым школьным прадметам, у душы сваёй ён галасаваў за калiграфiю i ставiў мне "калы" цi "двойкi".
Арыфметыку я разумеў зусiм добра, бо выкладалася яна метадам нагляднага навучання - бiццём па лапах за няўважлiвасць. Настаўнiк польскай мовы прарочыў мне выдатную кар'еру, бо я аднойчы нейкiм цудам напiсаў на яго iмянiны верш пахвалу ягонай суровасцi. Адзнакi па iншых прадметах залежалi ад таго, наколькi добра падказвалi мне сябры i цi на той, што трэба, старонцы была раскрыта кнiга на пярэдняй парце.
Найбольш блiзкiя адносiны былi ў мяне з iнспектарам. Чалавек гэты так прызвычаiўся выпрошваць мяне на ўроках з класа i да сустрэч са мною пасля заняткаў, што аднойчы шчыра занепакоiўся, чаму гэта я за цэлы тыдзень нi разу не нагадаў яму пра сябе.
- Ляснеўскi! - гукнуў ён, аднойчы сустрэўшы мяне на вулiцы. - Ляснеўскi!.. Ты што - дахаты?..
- А я ж нiчога не зрабiў.
- Дык што, сёння цябе не запiсалi ў журнал?
- Далiбог, не!
- I вывучыў усё?
- Але ж сёння мяне не выклiкалi!..
Iнспектар задумаўся.
- Штосьцi тут не так! - шапнуў ён. - Ведаеш што, Ляснеўскi, ты тут хвiлiнку пачакай.
- Даражэнькi мой пане iнспектар, дык я ж нi ў чым не вiнаваты!.. Далiбог! Ну далiбог жа!..
- Ага - ты божышся, асёл?.. Пайшлi ж, калi так!.. Калi i праўда, што ты нiчога не натварыў, дык на наступны раз залiчыцца!..
Наогул у пана iнспектара ў мяне быў адкрыты крэдыт, i гэта стварыла мне ў школе пэўную папулярнасць, тым больш грунтоўную, што яна нi ў кiм не абуджала жадання канкурэнцыi.
