Пасля абеду Юзя перабраўся да мяне. Гэта быў мой найшчырэйшы памочнiк, сябар i паклоннiк. Ён вышукваў словы i рабiў пераклады, запiсваў, што задаецца, насiў чарнiлiцу, пёры i алоўкi для нас абодвух. А як ён падказваў!.. За час вучобы ў школе многiя мне падказвалi, некаторых нават ставiлi за гэта на каленi, аднак кожнаму з iх было вельмi далёка да Юзя. У падказваннi гарбунок быў мастаком, умеў гаварыць са сцiснутымi зубамi ды з такiм жа пры гэтым нявiнным выразам твару, што нiводзiн з настаўнiкаў нават i не падазраваў...

Кожны раз, калi я трапляў у карцэр, гарбунок крадком прыносiў мне хлеб i мяса са свайго абеду. Калi ж са мной здаралася нейкая большая непрыемнасць, ён са слязамi на вачах запэўняў сяброў у тым, што я ў крыўду не дамся.

- Ого! - гаварыў ён. - Казя дужы. Ён як схопiць таго дзядзьку за плечы, як гваздане яго аб зямлю, ого! Не бойцеся!..

I сапраўды, сябры мае не баялiся, толькi ён, бедалага, баяўся за нас абодвух.

Калi гарбунку на якiм-небудзь уроку не трэба было быць уважлiвым, ён гаварыў мне камплiменты:

- Божа мой! Каб гэта ж я быў такi дужы, як ты!.. Божа мой! Каб я быў такi здольны... Ведаеш, калi б ты толькi захацеў, дык i за месяц стаў бы першым вучнем...

Аднойчы, зусiм нечакана, настаўнiк нямецкай мовы выклiкаў мяне да стала. Перапалоханы Юзя толькi паспеў падказаць мне, што да чацвёртага скланення адносяцца ўсе назоўнiкi жаночага роду, напрыклад: die Frau - панi...

Я рвануўся з-за парты, выйшаў, стаў i з вялiкай упэўненасцю паведамiў настаўнiку, што да чацвёртага скланення адносяцца ўсе назоўнiкi жаночага роду, напрыклад: die Frau - панi... Але на гэтым мае веды скончылiся.

Настаўнiк зiрнуў мне ў вочы, пакiваў галавой i загадаў перакладаць. Я прачытаў па-нямецку гладка i гучна раз, потым яшчэ гладчэй - другi раз, аднак, калi пачаў i трэцi раз чытаць тое самае, настаўнiк сказаў мне iсцi на месца.



13 из 50