
Вяртаючыся да парты, я заўважыў, што Юзя вельмi ўважлiва прыглядаецца да настаўнiкавага алоўка - з выглядам вельмi разгубленым. Я машынальна спытаўся ў гарбунка:
- Не ведаеш, што ён мне паставiў?
- Адкуль мне ведаць... - уздыхнуў Юзя.
- А як табе здаецца?
- Я, - сказаў гарбунок, - даў бы табе пяцёрку, ну, няхай чацвёрку, але ён...
- А ён колькi паставiў? - настойваў я.
- Здаецца, кол... Ды гэта ж дурань, што ён там ведае... - адказаў Юзя тонам глыбокага пераканання.
Нягледзячы на сваю кволасць, хлопец ён быў працавiты i быстры. Звычайна я чытаў у класе раманы, а ён слухаў настаўнiкаў i пасля пераказваў мне iх урокi.
Аднойчы я спытаўся ў яго, пра што гаварыў наш настаўнiк заалогii.
- Ты ведаеш, - адказаў гарбунок з таямнiчым выглядам, - пра тое, што раслiны падобныя да жывёлаў.
- Асёл ён, - адказаў я.
- Ну! - сказаў гарбунок. - Ён мае рацыю. Я ўжо трохi яго разумею.
Я пачаў смяяцца i сказаў:
- Калi ўжо ты такi разумны, дык скажы: чым вярба падобная да каровы?
Хлопец задумаўся i паволi пачаў:
- Бачыш... карова расце, i вярба таксама расце...
- А далей што?
- Бачыш... карова кормiцца, i вярба кормiцца сокамi з зямлi...
- А далей што?
- Карова жаночага роду, ну, i вярба таксама жаночага.
- Але ж карова махае хвастом! - сказаў я.
- А вярба махае галiнамi! - адказаў ён.
Такая сума доказаў падарвала маю веру ў наяўнасць рознiцы памiж жывёламi i раслiнамi. Сам гэты погляд спадабаўся мне, i з таго часу я пачаў любiць заалогiю, выкладзеную ў падручнiку Пiсулеўскага. Дзякуючы вывадам гарбунка па гэтым прадмеце ў мяне пачалi з'яўляцца пяцёркi.
Аднойчы Юзя не прыйшоў у школу, а назаўтра перад абедам мне сказалi, што мяне нехта клiча. Я выбег на калiдор трохi ўстрывожаны, як звычайна ў такiх выпадках, але замест iнспектара ўбачыў дзябёлага мужчыну з барвовым тварам, фiялетавым носам i чырвонымi вачыма.
