
- Не гэтую... Лепш "Усе нашы дзённыя справы"... Бо я ўжо заўтра, вiдаць, не прачнуся...
Сонца зайшло, насунулася нейкая шэрая ноч, бо за хмарамi свяцiў месяц. У кватэры не было свечкi, зрэшты, я i не думаў запальваць яе. Юзя быў усё больш ды больш неспакойны, трызнiў i толькi час ад часу прытомнеў.
Позна было ўжо, калi ад вулiцы моцна грукнула брамка. Нехта прайшоў па двары i, свiшчучы, адчынiў дзверы нашага пакоя.
- Гэта татка? - спытаўся гарбунок.
- Я, сынок! - адказаў той нехта ахрыплым голасам. - Як маешся? Напэўна ж лепей!.. Так i павiнна быць!.. Не апускай вушэй, сынок!..
- Татка... цёмна ў нас... - сказаў Юзя.
- Лухта гэта!.. А тут хто? - спытаўся ён, наткнуўшыся на мяне.
Прыйшлося аказацца:
- Гэта я...
- Ага, Лукашыха? Добра!.. Пераначуй сёння ў нас, а заўтра я табе пакажу... Я губернатар!.. Ром-ямайка!..
- Добрай ночы, татка!.. Добрай ночы!.. - шаптаў Юзя.
- Добрай ночы, дзiця маё, добрай ночы!.. - сказаў той i, схiлiўшыся над ложкам, пацалаваў... мяне ў галаву.
Я адчуў, што пад пахай у яго была бутэлька.
- Выспiся, - сказаў ён, - а заўтра марш у школу!.. Раз-два, раз-два марш!.. Ром-ямайка!.. - гаркнуў i падаўся ў суседнi пакойчык.
Там цяжка сеў, вiдаць, на куфры, грукнуўся галавой аб сцяну, а праз момант пачулася раўнамернае булькатанне, як быццам хтосьцi пiў.
- Казя, - шапнуў гарбунок, - калi я ўжо буду там... прыйдзi хоць раз да мяне. Скажаш, што нам задалi...
У другiм пакоi пачуўся крык:
- За здароўе пана губернатара!.. Вiват!.. Я губернатар!.. Ром-ямайка!..
Юзя пачаў трасцiся i гаварыць усё больш неспакойна:
- Так мяне ломiць!.. Ты, Казя, сеў на мяне?.. Казя!.. Ой, не трэба ўжо бiць мяне!..
- Ром!.. Ром-ямайка! - чулася з суседняга пакоя. Зноў штосьцi забулькатала, а потым бутэлька бразнулася аб падлогу.
