
Юзя прыцягнуў маю руку да вуснаў, схапiў зубамi за пальцы i - раптам пусцiў. Ужо не дыхаў.
- Пане! - гукнуў я. - Пане, Юзя памёр!..
- Што ты там плявузгаеш? - мармытнуў ён адтуль.
Я ўсхапiўся з ложка i стаў у дзвярах, гледзячы ў цемру.
- Юзя памёр! - паўтарыў я, увесь калоцячыся.
Чалавек тузануўся на куфры i закрычаў:
- Пайшоў прэч адгэтуль, блазен!.. Я, яго бацька, лепш ведаю, памёр ён цi не!.. Вiват губернатару!.. Ром-ямайка!..
Ахоплены жахам, я ўцёк.
Праз усю ноч я не мог заснуць, мяне калацiла, мучылi нейкiя кашмары. Ураннi мяне агледзеў гаспадар нашай кватэры, сказаў, што высокая тэмпература, што, напэўна, я заразiўся ад Юзя, i загадаў паставiць мне на паяснiцы дваццаць крывасосных банек. Пасля яго лекаў наступiў, як сказаў гаспадар, такi крызiс, што я цэлы тыдзень ляжаў у ложку.
Я не быў на пахаваннi Юзя, якога праводзiў увесь наш клас з настаўнiкамi i ксяндзом. Мне расказалi, што ў яго была чорная труна, абабiтая аксамiтам, маленькая, як футарал для скрыпкi.
Бацька яго страшэнна плакаў, а на могiлках схапiў труну i хацеў з ёю ўцякаць. Аднак, нягледзячы на гэта, Юзя пахавалi, а бацьку яго палiцыя вывела з могiлак.
Калi я першы раз прыйшоў у школу, мне сказалi, што нехта ўсё дапытваецца пра мяне. I сапраўды, у адзiнаццаць гадзiн мяне выклiкалi.
Я выйшаў - за дзвярыма стаяў бацька нябожчыка Юзя. Твар яго быў бледна-фiялетавы, а нос шэры, як попел. Ён быў зусiм цвярозы, толькi дрыжалi галава i рукi.
Чалавек гэты ўзяў мяне пад падбародак i доўга ўглядаўся ў вочы, а потым раптам сказаў:
- Ты абаранiў Юзя, калi з яго ў класе здзекавалiся?..
"Звар'яцеў гэты стары, цi што?" - падумаў я, але нiчога не адказаў.
Ён абняў мяне аберуч за шыю i некалькi разоў пацалаваў у галаву.
- Хай цябе бог блаславiць! - шапнуў. - Хай цябе бог!..
Пусцiў маю галаву i зноў спытаўся:
