
Мне таксама патрэбен быў сябар. Але ў класе чамусьцi нiхто не падабаўся мне. Я прыгадаў сястру. Не!.. Сястра не заменiць друга.
Аднакласнiкi гаварылi пра мяне, што я адзiчэў, а гаспадар нашай кватэры ўжо зусiм не сумняваўся, што я буду вялiкiм злачынцам.
На ўрачыстым заканчэннi школьнага года iнспектар паведамiў усяму свету, што я перайшоў у другi клас. Здарэнне гэтае напоўнiла маю душу радасным здзiўленнем. Раптам пачало здавацца, што хоць наша школа i мае яшчэ наступныя класы, нiводзiн з iх не такi дасканалы, як другi. Я пераконваў сяброў, што вучнi астатнiх класаў, ад трэцяга да сёмага ўключна, паўтараюць толькi тое, што засвоiлi ў другiм, а ў душы пабойваўся, каб настаўнiкi не спахапiлiся пасля вакацыяў, што пераведзены я памылкова, i не вярнулi мяне ў першы клас.
Аднак на наступны дзень я ў пэўнай меры асвоiўся са сваiм шчасцем, а калi ўжо ехаў дахаты на вакацыi, то ўсю дарогу пераконваў возчыка, што ў нашым класе адзiн я пераведзены ў другi заслужана, з найлепшымi адзнакамi. Я прыводзiў яму такiя неабвержныя доказы, што ён пачаў пазяхаць. Тады я змоўк i спалохана ўпэўнiўся, што вельмi сумняваюся i сам.
Назаўтра, пад'язджаючы да нашага дома, я ў дарозе яшчэ сустрэў сястру Зосю, што выбегла насустрач мне. Я адразу паведамiў, што ўжо другакласнiк i што мой сябар Юзя памёр, бо на яго наехалi. А яна сказала, што сумавала па мне, што ў яе курыцы дзесяць куранят, што да панi графiнi па два разы на тыдзень прыязджае з вiзiтам нейкi пан, што ў iх гувернантка, закаханая ў пiсара, i што нябожчык Юзя яе - значыцца, Зосю - не цiкавiць, бо ён жа быў гарбаты. Хоць, вядома, i шкада яго.
Гаворачы гэта, яна старалася выглядаць дарослай паннай.
Бацьку я ўбачыў апоўднi. Ён павiтаўся са мной вельмi цёпла i сказаў, што дасць мне на вакацыi каня i дазволiць страляць з вялiкага пiсталета. А потым дадаў:
