
- Ты быў пры яго смерцi?.. Скажы мне праўду, ён вельмi пакутаваў?..
Ды тут ён раптам адступiўся i хутка сказаў:
- Цi не... нiчога ты мне не кажы!.. О, нiхто не ведае, якi я няшчасны!..
З вачэй яго пацяклi слёзы. Схапiўся аберуч за галаву, павярнуўся ад мяне i пабег да лесвiцы, крычучы:
- Бедны я!.. Бедны!.. Бедны!..
Ён так моцна крычаў, што на калiдор павыходзiлi настаўнiкi. Паглядзелi ўслед яму, пакiвалi галовамi i загадалi мне вярнуцца ў клас.
Пад вечар нейкi пасыльны прынёс мне дахаты велiкаваты куфэрак i лiсток, дзе было напiсана:
"Ад беднага Юзя - на памяць".
У куфэрку было многа цудоўных кнiжак, што засталiся пасля нябожчыка Юзя, а сярод iх: "Кнiга свету", "Гiсторыя Цэзара" Канцю, "Дон-Кiхот", "Дрэздэнская галерэя" i шмат iншых. Кнiгi гэтыя разбудзiлi ва мне вялiкае жаданне чытаць сур'ёзныя рэчы.
Добра ўжо развяснiлася, калi я выбраўся першы раз наведаць Юзеву магiлу. Яна была маленькая i гарбатая, як ён сам. Нехта абсадзiў яе зялёнымi галiнкамi. Крокаў са тры далей у траве я знайшоў некалькi бутэлек з надпiсам: "Ром-Ямайка". Я праседзеў з гадзiну, але не сказаў Юзю, што нам задалi, бо i сам не ведаў, а ён не спытаўся.
Праз тыдзень я зноў прыйшоў на могiлкi. Зноў убачыў галiнкi, толькi што паўтыканыя ў магiлу, а ў траве - зноў знайшоў некалькi цэлых i пабiтых бутэлек.
У пачатку мая па горадзе разышлася незвычайная вестка. Ранiцай каля Юзевай магiлы знайшлi труп яго бацькi. Побач з iм ляжала на палавiну апарожненая бутэлька з надпiсам: "Ром-Ямайка".
Дактары сказалi, што чалавек памёр ад анеўрызму.
Здарэннi гэтыя падзейнiчалi на мяне па-асаблiваму. З таго часу мне было цяжка сярод сяброў, напрыкралi iх шумныя забавы. Я паглыбляўся ў чытанне кнiг, што засталiся пасля Юзя, або цiшком уцякаў за горад, у зарослыя кустамi яры, i, валочачыся там, разважаў богведама пра што. Часта ўзнiкала пытанне, чаму так марна загiнуў Юзя i чаму бацька яго быў такi самотны, што так гарнуўся да сынавай магiлы. Я адчуваў, што найбольшае няшчасце - акiнутасць, i зразумеў, чаму бедны гарбунок шукаў сябра.
