
Пад уплывам такiх пачуццяў я хамавата адказаў:
- Адчапiся ты... са сваёю Лёняй!..
I падаўся ў глыбiню парку, аднолькава нездаволены i недарэчнымi ўспамiнамi сястры, i тым, што я не гуляю з дзяўчатамi. Зрэшты, i сам не ведаю, чаго я хацеў, але быў такi злосны, што калi мы дома сустрэлiся з Зосяй, не хацелася з ёю гаварыць.
Засмучаная сястра старалася не пападацца мне на вочы, але тады я шукаў яе, адчуваючы, што мне чагосьцi не хапае, што пытанне сумеснай гульнi я вырашыў зусiм фальшыва. Каб выправiць становiшча, калi засмучаная Зося села цыраваць, я схапiў кнiгу, якая трапiлася пад руку, пагартаў яе трохi i кiнуў на стол, як быццам сам сабе сказаўшы:
- Усе дзяўчаты дурныя!..
Мне здалося, што афарызм гэты будзе вельмi мудры. Але адразу, як толькi дагаварыў яго, адчуў у iм штосьцi нясмачнае. Стала шкада сястры i сорамна... Не кажучы больш нiчога, я пацалаваў Зосю ў адну i ў другую шчаку i пайшоў у лес.
Божа, якi я быў няшчасны ў той дзень!.. А гэта ж быў толькi пачатак маiх пакут.
Не хачу нiчога ўтойваць. Усю ноч мне снiлася Лёня, i з гэтага часу замест беднага гарбунка яна з'яўлялася ў маiх марах. Мне здавалася, што толькi яна магла б быць другам, якi мне так даўно патрэбен. У думках я гаварыў з ёю так многа i так хораша, як пiшацца ў раманах, а быў я такi ветлiвы, як нейкi маркграф. А ў сапраўднасцi мяне не хапала нават на тое, каб пайсцi ў парк, калi там гулялi дзяўчаты, толькi з-за плота я прыслуховаўся да iх вясёлага смеху, што час ад часу перамяжаўся заўвагамi гувернанткi.
Добра памятаю тое месца, дзе выкiдалi смецце з палаца, дзе раслi высокая крапiва i лапухi. Я доўга выстойваў там, каб пачуць некалькi невыразных фразаў, тупат чаравiчкаў на сцежцы, каб убачыць мiльганне сукенкi, калi мая Лёня скакала цераз вяровачку.
