
Праз момант усё ў парку змаўкала, i тады я адчуваў сонечную спякоту, чуў бясконцае гудзенне мухаў над сметнiкам. Пасля зноў чуўся смех i тупат, праз шчылiну ў паркане бачыў я мiльганне сукенак, а потым зноў заставалiся пошум дрэў, цвiрканне птушак i назолы-мухi, што лезлi ледзь не ў рот.
Раптам з боку палаца пачуўся голас:
- Лёня!.. Зося!.. Iдзiце сюды!..
Гэта - гувернантка. Узненавiдзеў бы я яе, калi б не ведаў, што ёй таксама сумна.
Аднойчы, наблiжаючыся да паркана, я заўважыў, што тут яшчэ хтосьцi ёсць. З узгорачка ўбачыў я ў лапухах шэры ад старасцi саламяны капялюш, з якога вытыркалася бялявая чупрына, бо капялюш быў без дна.
Калi я ступiў некалькi крокаў у той бок, чупрына i капялюш узнялiся над лопухам i паказаўся сямi-васьмiгадовы хлапчук у доўгай бруднай кашулi, на шыi сцягнутай шнурком. Я загаварыў з iм, але хлапчук усхапiўся i ўцёк, з заечай хуткасцю, у поле. Чырвоны каўнер майго мундзiра i пасрабраныя гузiкi наогул рабiлi вялiкае ўражанне на вясковых дзяцей.
Я памалу падаўся да сядзiбы, а хлопец - адпаведна да паркана. Калi я схаваўся за будынкам, ён узлез на сметнiк i ўтаропiўся ў тую самую шчылiну, праз якую i я глядзеў у сад. Не думаю, што ён там нешта бачыў, аднак усё цiкаваў.
На другi дзень, калi я прыйшоў на свой пост, каб назiраць за гульнёю паненак, зноў заўважыў у лапухах шэры капялюш, над iм бялявую чупрыну, а пад абарваным полем - вочы, што ўтаропiлiся ў мяне. Сонца здорава прыпякала, хлопец сарваў цiшком вялiкi лiст лопуху, накрыўшыся iм, як парасонам. Тады ўжо я не бачыў больш нi яго капелюша, нi валасоў, толькi шэрую кашулю, крыху расхрыстаную на грудзях.
Калi я пайшоў, хлопец зноў узбег на сметнiк i зноў, як учора, пачаў цiкаваць цераз шчылiну, вiдаць, думаючы, што я хоць на гэты раз не выглядзеў з парку ўсяго цiкавага, што там было.
I тут я зразумеў, наколькi смешныя мае паводзiны. Здорава выглядала б гэта, калi б мой бацька цi пан вiнакур, а то i сама Лёня ўбачыла, што я, вучань другога класа, у мундзiры, стаю каля паркана на сметнiку, на змену з нейкiм кандыдатам на пастуха, якi невядома цi надзяваў калi-небудзь вымытую кашулю.
