
Словам - гуляў ён выдатна, толькi што не смяяўся нiколi. Да яго дзiцячага твару нiбы назаўсёды прылiп выраз непарушнай сур'ёзнасцi, якую часамi падмяняў толькi страх. У вялiкiх вачах застыла вечнае здзiўленне, як у людзей, што доўгiя гады глядзелi на штосьцi зусiм незвычайнае.
Валек умеў спрытна ўцякаць з дому на цэлыя днi. I нiхто з парабкаў не здзiўляўся, калi яго ранiцой знаходзiлi недзе ў стозе цi ў лесе пад дрэвам. Мог ён таксама стаць у чыстаполiцы, нiбы шэры слупок, i, раскрыўшы рот, углядацца немаведама куды. Аднойчы я падпiльнаваў яго на такiм стаяннi, а таму, што блiзка было, дык i пачуў, як ён уздыхнуў. Не ведаю, чаму той уздых малое постацi вельмi ўразiў мяне. Я адчуў нейкую крыўду, невядома на каго, i я палюбiў тады Валека. Аднак, як толькi я крыху смялей хацеў падысцi да яго, хлопец спахапiўся i шмыгануў у кусты.
У галаве маёй з'явiлася асаблiвая думка: бог, якi ўвесь час глядзiць на такое дзiця, павiнен мець сумную душу. Зразумеў я таксама, чаму ён на святых абразах заўсёды такi сур'ёзны i чаму ў касцёле трэба цiха размаўляць i хадзiць на пальчыках.
Такi вось несамавiты чалавечак быў прычынай таго, што я вырашыў больш не хавацца за парканам, а iсцi ў парк, i паведамiў Зосi, што з гэтага часу буду гуляць з ёю i з Лёняй.
Сястра, вядома, была ад гэтага ў захапленнi.
- Дык ты будзь у парку, - сказала яна, - калi мы выйдзем на праходку. Павiтайся i з гувернанткай, якая заўсёды чытае кнiгi ў альтанцы. Але не гавары з ёю доўга, бо яна не любiць, каб ёй перашкаджалi. А потым паглядзiш, як нам будзе весела!
У той самы дзень, калi абедалi, яна сказала мне з таямнiчым выглядам:
- Прыходзь у тры гадзiны. Я ўжо сказала Лёнi, што ты будзеш. Калi мы выйдзем з палаца, я закашляю...
Сястра пачала штосьцi рабiць, а я, вядома, выйшаў, бо не любiў перашкаджаць у пакоi. Я ўжо быў на двары, калi за мной выбегла Зося.
