- А калi ты яшчэ раз пацалуеш сабачы хвост, дык я табе ўсе рэбры пералiчу. Запомнi!

I сама iшла мыць посуд.

Тут, нiбы з-пад зямлi, вылазiў аднекуль дваровы сабака, садзiўся насупраць хлапчука. Спачатку клацаў зубамi на мухаў, пазяхаў, аблiзваўся. Потым панюхаў той боршч раз i другi раз i асцярожна ткнуўся туды языком. А Валек - бац яму лыжкай па лбе! Сабака назад, зноў пазяхнуў i - зноў хлебтануў разоў колькi, на гэты раз смялей. Пасля ўжо малы мог яму, колькi хочаш, тропаць лыжкай па галаве, - сабаку, якi сама заахвоцiўся, нi за што не адцягнеш ад мiсы. Але i Валек уцямiў, што тут як каму пашанцуе, i чэрпаў, ажно задыхаўся, з аднаго берага, а сабака хлябтаў з другога.

Калi мацi бывала ў добрым настроi, а Валек - пад рукой, тады яму перападала смачнага i з панскага стала.

- На вось, лiзнi i ты, - казала пасуднiца, даючы яму крошкi пiрожнага, вымазаную соўсам талерку, галаву якой-небудзь рыбiны, недагрызенае крылейка цi шклянку, на дне якой заставалася трохi кавы i распушчанага цукру. Калi ўжо ён высмакча ўсё са шклянкi або вылiжа талерку, мацi пытаецца:

- Ну, смачна?..

Валек браўся пад бакi, як парабкi рабiлi гэта, пасля абеду, глыбока ўздыхаў i, ссунуўшы набакiр стары капялюш, адказваў:

- Чалавек, дзякуй богу, падмацаваўся!.. Можна цяпер i на працу...

Выходзiў з кухнi i прападаў на цэлага паўдня.

У сваiх гульнях ён пераймаў работу старэйшых. Калi было ворыва, ён даставаў з-за карыта пужку, вымаў з частаколу кiёк цi знаходзiў якую-небудзь карагу i пачынаў араць, - цэлымi гадзiнамi кiваючыся на адным месцы i падганяючы сваiх валоў.

Калi лавiлi рыбу i ён знаходзiў у смеццi дзiравае сiтка, з нястомнай цярплiвасцю раз-поразу чэрпаў, плёхаўся iм у вадзе. А то садзiўся верхам на кiйку i ехаў да калодзежа, паiць коней. Знайшоўшы каля аўчарнi старыя паласяныя лапцi, кiдаў iх у ваду i нiбы плаваў разам з чоўнам - разумеецца, толькi ў думках.



26 из 50