Лёня, прыгожанькая шатэнка з выразна акрэсленымi вуснамi, якiя штохвiлiнна мянялi свой абрыс, зiрнула на мяне зверху i, адкiнуўшы назад пышныя локаны, без усякiх уступаў спыталася:

- Цi гэта праўда, што пан прабiў дзiрку ў нашым чоўне?

- Я?..

- Так мне сказаў садоўнiк, а цяпер мама не дазваляе нам плаваць, загадала човен прывязаць да берага, а вёслы пахаваць.

- Але, дальбог жа, я не прабiваў нiякай дзiркi! - апраўдваўся я, як перад iнспектарам.

- Цi толькi праўда гэта? - спыталася Лёня, быстра гледзячы мне ў вочы. Бо такое на пана вельмi падобна...

Тон паненкi не спадабаўся мне. Чорт вазьмi! - найдужэйшы хлопец з нашага класа не пасмеў бы так гаварыць са мною.

- Калi я гавару, што не, дык гэта ўжо напэўна не! - сказаў я, моцна нацiскаючы на адпаведныя словы.

- Ну, дык тады садоўнiк зманiў, - сказала Лёня, сцяўшы бровы.

- Добра зрабiў, - адказаў я, - бо паненкi не ўмеюць плаваць у чоўне.

- А пан умее?

- Я ўмею i ў чоўне, i рукамi, i на спiне, i стоячы.

- А пан нас будзе вазiць?

- Калi ваша мама дазволiць, дык буду.

- Тады паглядзiце, цi лодка i сапраўды не дзiравая.

- Не дзiравая.

- Дык адкуль жа ў ёй вада?

- Дажджавая.

- Дажджавая?

Гутарка абарвалася. Аднак я ўжо смела глядзеў на Лёню, а яна, як сёння мне гэта бачыцца, не звяртала на мяне ўвагi. Больш таго - яна, не сыходзячы з месца, пачала скакаць цераз вяровачку, у прамежках гутарачы са мной.

- Чаму вы з намi не гуляеце?

- Я заняты.

- А што ж вы робiце?

- Вучуся.

- Дык на вакацыях нiхто ж не вучыцца.

- У нашым класе трэба вучыцца нават на вакацыях.

Лёня скокнула два разы цераз сваю вяровачку i сказала:

- Адась у чацвёртым класе, аднак на святах не вучыўся. Ах, вы ж не ведаеце Адася.

- А хто гэта вам сказаў, што не ведаю? - горда спытаўся я.



29 из 50