- Бо вы былi ў першым, а ён у трэцiм...

Зноў два разы пераскочыла... Я думаў, што са мною здарыцца штосьцi незвычайнае.

- Са мной сябравалi нават з чацвёртага, - адказаў я з раздражненнем.

- Усё адно, бо Адась вучыцца ў Варшаве, а вы... Дзе вы вучыцеся?.. Дзе?..

- У Седльцах, - ледзь адказаў я прыдушаным голасам.

- А я таксама паеду ў Варшаву, - сказала Лёня i дадала: - Можа, вы скажаце Зосi, што я ўжо тут...

I, не чакаючы, згадзiўся я цi не, пабегла, падскокваючы, у бок альтанкi.

Я быў ашаломлены, у галаве маёй проста не тоўпiлася - як гэтае дзяўчо са мною абыходзiцца.

"Ды ну вас з вашымi гульнямi, - падумаў я, па-сапраўднаму ўзлаваны. Гэтая Лёня няветлiвая, нявыхаваная, проста смаркуха!.."

Аднак такое акрэсленне не перашкодзiла мне адразу ж выканаць яе загад. Дахаты пайшоў я вельмi хутка, можа, нават захутка, вiдаць, ад узбуджанасцi.

Зося ўжо брала свой парасончык - выходзiла ў сад.

- Ну, ведаеш, - сказаў я, шпурляючы шапку ў куток, - пазнаёмiўся я з тваёй Лёняй.

- I што? - з цiкавасцю спыталася сястра.

- Нiчога... так сабе! - адказаў я, не гледзячы ў яе вочы.

- Праўда ж, яна такая добрая, такая прыгожая?..

- А мне што да гэтага? Якраз прасiла, каб ты туды iшла.

- А ты не пойдзеш?

- Не.

- Чаму? - спыталася яна, заглядваючы мне ў вочы.

- Ды ну вас! - буркнуў я. - Не пайду, бо мне не падабаецца...

Вiдаць, у голасе маiм было многа рашучасцi, бо Зося больш нi пра што не спыталася i пайшла. Яна амаль бегла, i я паклiкаў яе праз акно:

- Толькi ты, калi ласка, нiчога там не кажы... Скажы, што я... што ў мяне пабольвае галава.

- Ну, ну, не бойся. Я табе не пашкоджу.

- Не забудзься, Зося, калi ты хоць трошкi любiш мяне.

Мы, вядома ж, сардэчна пацалавалiся.

Цяжка сёння адкапаць у памяцi тыя пачуццi, што раздзiралi мяне пасля Зосiнага адыходу.



30 из 50