
Праз момант яны будуць тут. Я хачу памыцца, але, не дакончыўшы, уцякаю, бо яны ўжо iдуць!.. Ужо на алеi бачу iхнiя сукенкi, чую поўны здзiўлення голас гувернанткi. Яны адрэзалi мне дарогу дахаты, я паварочваю ў iншы бок, да плота.
- Дзе ж ён? - крыклiва пытаецца гувернантка.
- Ён там, там!.. Яны абодва ўцякаюць! - адказвае Лёня.
Цяпер я заўважаю, што Валек бяжыць следам за мною. Дабягаю да плота, малы за мною. Лезу на жэрдзе, ён таксама. I калi мы абодва, тварам у твар, сядзiм верхам на плоце, у кустах паказваюцца Лёня, Зося i гувернантка.
- Ах, i гэты прыяцель! - крычыць, смеючыся, Лёня.
Я саскочыў з плота i папёр полем да нашага флiгеля, а Валек увесь час за мной. Яму, вiдаць, падабаецца гэтая аблава, бо ён раскрывае рот i бляе, што мае азначаць задавальненне.
Я спынiўся, страшэнна ўзлаваны.
- Дарагi мой, чаго ты хочаш ад мяне?.. Чаго ты за мной валочышся? спытаўся я.
Валек вельмi здзiвiўся.
- Адчапiся, пайшоў прэч ад мяне! - гаварыў я, сцiскаючы кулакi. - Сораму мне нарабiў, усе з мяне смяюцца... Калi яшчэ раз прычэпiшся, адлупцую...
Сказаўшы гэта, я пайшоў, а хлопец застаўся.
Адышоўшыся трохi, я азiрнуўся, - ён стаяў на тым самым месцы. Глядзеў на мяне i ўголас плакаў.
Пудзiлам уляцеў я ў нашу кухню. Куды нi ступлю - вады з мяне нацячэ. Куры, парастапырваўшы крылы, з перапалоханым кудахтаннем кiнулiся да вокнаў, дзеўкi пачалi рагатаць, а Вайцехова пляснула рукамi.
- Ах, мая долечка! А што ж гэта з табой? - закрычала кабецiна.
- Не бачыце?.. У сажалку ўвалiўся, вось i ўсё!.. Дайце мне, Вайцехова, палатняны гарнiтур, чаравiкi, кашулю... Толькi хутчэй.
- Гора маё з гэтым Казем, - адказала яна. - Да пiнжака, вiдаць, гузiкi не прышыты... Казька, паварушыся, знайдзi чаравiкi!
