
- Казiчак, мiлы, вылазь! - крычыць заплаканая сястра.
- Хопiць, хопiць ужо! - уторыць ёй Лёня.
А я не слухаю... Iрву пятую, шостую i дзесятую кветку, а потым лiсты...
З сажалкi выйшаў я мокры з ног да галавы, ногi вышэй каленяў i рукавы - у гразi. На беразе Зося плача, Лёня не хоча браць кветак, а за iмi хаваецца перапалоханы Валек...
Бачу, што i ў Лёнiных вачах таксама слёзы, аднак яна раптам пачынае смяяцца:
- Зiрнi, Зося, якi ў яго выгляд!..
- Божа, што скажа тата? - крычыць сястра. - Казiчак, ты ўжо хоць твар памый, ты ж увесь замазаны.
Машынальна бяруся рукой у гразi за нос. Лёня ад смеху ажно сядае на траве. Зося таксама смяецца, выцiраючы вочы, нават i Валек адкрывае рот, з якога чуецца штосьцi падобнае на бляянне.
Цяпер дзяўчаты заўважаюць яго.
- Што гэта? - пытаецца Зося. - Адкуль ён тут узяўся?
- Ён прыйшоў сюды з тваiм братам, - адказвае Лёня. - Я бачыла, як ён краўся кустамi.
- Божа, што ў яго за капялюш!.. Чаго ён, Казiк, хоча ад цябе? - спыталася сястра.
- Ходзiць за мною ўжо некалькi дзён.
- Ага! Гэта Казя з iм, вiдаць, гуляў, калi ўцякаў ад нас, - пакеплiвае Лёня. - Зiрнi, Зося, як яны выглядаюць абодва - адзiн увесь мокры, а другi не памыты... Ой, не вытрываю ад смеху!..
Гэтае параўнанне з Валекам зусiм не спадабалася мне.
- Ты, Казiчак, памыйся i iдзi дадому пераапрануцца, а мы тым часам пойдзем у альтанку, - сказала Зося, паднiмаючы Лёню, якая ад празмернай весялосцi была ледзь не ў iстэрыцы.
Яны пайшлi. Засталiся мы з Валекам i пук гарлачыкаў на траве, якiх нiхто не падняў.
"Такая ўзнагарода за маю самаахвярнасць?" - падумаў я горка, адчуваючы ў вуснах гразь. Зняў шапку. Страхоцце - што з ёю зрабiлася!.. Як ануча, што мыць падлогу, а казырок у адным месцы адлазiць. З мундзiра, з камiзэлькi, з кашулi сцякае вада. У ботах - ажно хлюпае, як паварушышся. Я адчуваю, што з палатна на мне робiцца сукно, з сукна скура, а са скуры драўнiна. А адтуль, дзе альтанка, чуваць Лёнiн смех, - яна расказвае пра мяне гувернантцы.
