
Само сабой, што нам, дзецям, у такiм занятым акружэннi жылося прывольна. Мы гулялi цэлымi днямi i толькi тады сустракалiся са старэйшымi, калi нас клiкалi на абед, на падвячорак цi на спачын.
Дзякуючы такой свабодзе мае адносiны з Лёняй склалiся даволi арыгiнальна. Праз некалькi дзён яна гаварыла мне "Казя", потым "ты", распараджалася мною, нават крычала на мяне, а я яшчэ ўсё звяртаўся да яе на "вы", усё менш ды менш гаварыў, а больш слухаў. Часамi ўва мне абуджалася гордасць чалавека, якi праз год можа пайсцi ў трэцi клас. Тады я праклiнаў тую хвiлiну, калi паслухаў Лёню ўпершыню, пайшоў клiкаць сястру. Я гаварыў самому сабе:
"Няўжо ж яна думае, што я на службе ў яе, як мой бацька ў яе мацi?.."
Такiм чынам я бунтаваў самога сябе, вырашаў, што больш такое не паўторыцца. Аднак, як толькi сустракаўся з Лёняй, адвага пакiдала мяне, а калi крышку яе i заставалася, дык зноў жа Лёня загадвала з такой нецярплiвай просьбай, так тупала ножкай, што я павiнен быў выконваць усё. Калi ж аднойчы злавiў вераб'я i аддаў яго ёй не адразу, яна закрычала:
- Не хочаш, дык i не трэба!.. Абыдуся без твайго вераб'я!..
Яна так пакрыўдзiлася i так гарэла ад цiкаўнасцi, што я пачаў упрошваць яе ўзяць вераб'я. А яна - не i не!.. Ледзь упрасiў, вядома ж, пры дапамозе Зосi, аднак з тыдзень яна ўсё наракала:
- Я табе такой непрыемнасцi нiколi ў жыццi не зрабiла б. Ведаю цяпер, якi ты верны! У першы дзень скокнуў у ваду, каб нарваць мне гарлачыкаў, а ўжо ўчора нават не захацеў дазволiць пагуляць трохi з птушкай. Усё я ведаю... О! Нiводзiн iншы хлопец не паступiў бы са мной такiм чынам.
Калi ж пасля ўсялякiх маiх тлумачэнняў я, урэшце, папрасiў яе хоць ужо не злавацца, яна адказала:
- А хiба ж я злуюся?.. Ты ж i сам добра ведаеш, што не злуюся. Мне толькi прыкра было. А ўжо як мне прыкра было, гэтага нiкому не ўявiць... Няхай табе Зося скажа, як мне прыкра было.
