Тады Зося з урачыстым выглядам растлумачыла мне, што Лёнi было вельмi, ну, проста вельмi прыкра.

- Зрэшты, няхай Лёня сама скажа табе, як ёй было прыкра, - закончыла мая дарагая сястрычка.

Так мяне слалi ад Анны да Кайяфы*, каб акрэслiць ступень той прыкрасцi, i я зўсiм разгубiўся.

* Тут - у сэнсе ад аднаго начальнiка да другога.

Я ператварыўся ў машыну, з якое Лёня i Зося рабiлi ўсё, што iм толькi хацелася, бо кожны дзень маёй самастойнасцi прыносiў той цi iншай з iх адны прыкрасцi, а ўжо яны iх перажывалi разам.

Калi б бедны Юзя ўстаў са свае магiлы, ён не пазнаў бы мяне ў асобе зацюканага, паслухмянага кавалерчыка, якi вечна па штосьцi хадзiў, нешта прыносiў, нечага шукаў, пра штосьцi не ведаў, у нечым не разбiраўся i раз-поразу атрымлiваў вымовы. А калi б гэта бачылi мае сябры!..

Аднойчы панна Клеменцiна была занята больш, чым заўсёды. Бо пiсар назiраў за нечым каля канюшнi, крокаў некалькi ад мiлай альтанкi. Карыстаючыся гэтым, мы ўтраiх вышмыгнулi за парк, у тыя кусты, дзе рос ажыннiк.

Страхоцце, колькi iх там, ажынаў, было! Што нi ступiш, дык i куст, а на кожным процьма ягад, чорных i буйных, як слiвы. Спачатку мы збiралi iх разам, перагукваючыся ад захаплення. А неўзабаве змоўклi i разышлiся кожны ў свой бок. Не ведаю, як там дзяўчаты, але я, утапiўшыся ў найгусцейшых кустах, забыўся пра ўсё на свеце. Што гэта былi за ажыны!.. Сёння няма такiх нават i ананасаў.

Стамiўшыся стаяць, я сеў, стамiўшыся сядзець - лёг на кустах, як на шырокiм спружынiстым крэсле. Тут было так цёпла, так мякка, так шчодра, што я аж падумаў: так вось жылося Адаму ў раi. Божа мой, божа, чаму я не быў Адамам? Да сённяшняга дня на праклятым дрэве раслi б яблыкi, бо каб зрываць iх, я нават рукi не ўзняў бы над галавой...

Расцягваючыся, як вуж, на гнуткiх кустах, я адчуваў невыказнае шчасце галоўным чынам па той прычыне, што можна было зусiм не думаць.



40 из 50