
Бацька мой быў нястомны ў працы, бездакорна сумленны, нават вельмi рахманы. Сялян i дваровых нiкога нават пальцам не крануў, толькi страшэнна крычаў. Калi ж ён быў крыху засуровы да мяне, дык гэта не без прычыны. Наш арганiст, якому я аднойчы падсыпаў у табаку чэмеру, ад чаго ён усю iмшу не мог спяваць, а ўсё чыхаў ды памыляўся на сваiм аргане, часта казаў майму бацьку, што каб яму такога сына, як я, дык ён яго застрэлiў бы.
Я добра памятаю гэты сказ.
Панi графiню бацька называў анёлам дабрынi. I сапраўды, у яе вёсцы не было людзей галодных, абадраных цi пакрыўджаных. Каго пакрыўдзiлi, той iшоў скардзiцца да яе; хто хварэў, у двары давалi лекаў; у каго нарадзiлася дзiця прасiў панi за куму. Мая сястра вучылася разам з графiнячкай, а я, хоць i пазбягаў адносiн з арыстакратыяй, меў-такi магчымасць пераканацца ў незвычайнай ласкавасцi графiнi.
У бацькi майго было некалькi вiдаў зброi, кожны з якiх меў iншае прызначэнне. Вялiзная дубальтоўка патрэбна была для забiвання ваўкоў, якiя душылi цялят нашай панi; крэмневы пiсталет мог спатрэбiцца для абароны iншай графiнiнай маёмасцi, а вайсковы палаш - для абароны яе гонару. Сваю маёмасць i гонар бацька, напэўна, абараняў бы цывiльным кiем, бо ўвесь той яго баявы рыштунак, месяцаў праз колькi зноў памазаны тлушчам, ляжаў на гарышчы ў такiм закутку, што нават я не мог яго знайсцi.
Само сабой, я ведаў пра гэтую зброю i проста сох па ёй. Часта мне мроiлася, што вось зраблю такi высакародны подзвiг, за якi бацька дазволiць мне стрэлiць з вялiзнага пiсталета, а пакуль што - бегаў цiшком да леснiкоў i вучыўся "смалiць" з iх доўгiх аднастволак, у якiх была такая ўласцiвасць, што ад стрэлу даставалася толькi маiм скiвiцам, а шкоды нiякаму жывому стварэнню не было.
