
Аднойчы, калi бацька намазваў дубальтоўку, прызначаную на ваўкоў, пiсталет - для абароны графiнiнай уласнасцi i палаш - для абароны яе гонару, мне ўдалося ўкрасцi жменю пораху, якi не меў, як мне здавалася, нейкага пэўнага прызначэння. Калi бацька паехаў у поле, я ўзяў вялiзны ключ ад свiрна, амаль з такiм жа дулам, як i ў стрэльбы, ды яшчэ i з дзiркай збоку, i пайшоў з iм на паляванне.
Вялiкi ключ я да палавiны набiў порахам, усыпаў туды шчопцi патрушчаных гузiкаў ад непрыстойнай часткi вопраткi, затоўк, як належыцца, клоччам, а для самога выбуху прыхапiў карабок запалак.
Толькi я выйшаў за дом - адразу ўбачыў некалькi варон, што палявалi на панскiх качанят. Амаль на вачах у мяне адна з гэтых шкоднiц схапiла качаня i, не могучы лёгка панесцi яго, прысела на хлеўчуку.
Убачыў я такое, i кроў продкаў ажно закiпела ва мне. Падкраўся да хлеўчука, шмаргануў запалку, нацэлiўся ключом у левае варонiна вока, ткнуў агеньчык у тую дзiрачку збоку ключа... Гахнула - нiбы гром. Са страхi хлеўчука скацiлася задушанае качаня, да смерцi перапалоханая варона ўцякла на найвышэйшую лiпу, а я са здзiўленнем пераканаўся, што ад вялiкага ключа ў руцэ маёй засталося толькi яго вуха, але затое са страхi хлеўчука пачаў паказвацца клубочак дыму, як быццам нехта люльку закурыў.
Праз некалькi хвiлiн хляўчук, злотых на пяцьдзесят, шугануў у неба полымем.
Пазбягалiся людзi, галопам прыляцеў з поля бацька, пасля чаго ў прысутнасцi ўсiх гэтых доблесных ды шаноўных асоб нерухомая маёмасць, як сказаў пан вiнакур, "выгарала да самага нутра зямлi".
А са мною тым часам адбывалася несусветнае. Спачатку я пабег у дом i павесiў на сваiм месцы вуха разарванага ключа. Тады шыбануў у парк з намерам утапiцца ў сажалцы. Праз некалькi хвiлiн намер мой карэнным чынам змянiўся, я вырашыў iлгаць, як пiсарчук, адмовiцца ад ключа, ад стрэлу i хлеўчука. Калi ж мяне схапiлi - адразу да ўсяго прызнаўся.
