Развiтваючыся з намi, Лёня сардэчна пацалавала Зосю, а мне - кiўнула галавой. Я зняў перад ёю шапку, падумаўшы, што я - вялiкi нягоднiк.

Як толькi Лёня адышлася, Зося ўзяла мяне ў работу.

- Я пачула цудоўныя рэчы! - сказала яна сур'ёзна.

- А што я зрабiў? - спытаўся я, добра такi спалоханы.

- Як гэта - што? Спачатку самлеў... Ах, божа мой, i мяне пры гэтым не было!.. Ну, а потым тая аса цi муха... Жахлiва... Бедная Лёня! Я памерла б ад сораму.

- Але ж у чым тут я вiнават? - смялей спытаўся я.

- Дарагi Казя, - адказала яна, - перада мной табе не трэба апраўдвацца, бо я ж цябе нi ў чым не папракаю. Аднак жа...

"Аднак жа..." - таксама мне адказ!.. З гэтага "аднак жа" выходзiла, што ва ўсiм я вiнават. Муха нiчога, Лёня, што так лямантавала, таксама нiчога, толькi я вiнават, што пабег ратаваць?..

Яно так, але чаму я самлеў?..

Я не мог супакоiцца. На другi дзень зусiм не пайшоў у парк, каб не паказвацца Лёнi, а на трэцi - яна сказала, каб прыйшоў. А як прыйшоў, здалёк кiўнула мне галавой i гутарыла толькi з Зосяй, на мяне пазiраючы час ад часу горда i сумна, як на злачынца.

Часамi я думаў, што ў дачыненнi да мяне тут адбываецца нейкая несправядлiвасць. Аднак адразу глушыў такiя падазрэннi, гаворачы сам сабе, што я i сапраўды зрабiў штосьцi страшнае. Тады я не ведаў яшчэ, што такi метад характэрная рыса жаночай логiкi.

Тым часам дзяўчаты хадзiлi па садзе спаважна, нават не думаючы пра скаканне цераз вяровачку, а ўсё пра нешта шэпчучыся. Раптам Лёня спынiлася i сказала пакутлiвым голасам:

- Ведаеш, Зося, мне вельмi захацелася чарнiц... Ажно запахла iмi...

- Пайду прынясу, - сказаў я паспешлiва. - У лесе ёсць адно месца, дзе iх вельмi шмат.

- Цi варта непакоiцца? - спыталася Лёня, меланхалiчна павёўшы па мне позiркам.

- А чаму не? Няхай iдзе, калi яму хочацца, - умяшалася Зося.



45 из 50